“Саша 3%”. 9 жніўня — трэцяя гадавіна прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі
Жыве Беларусь! / Еўрарадыё
Тры гады таму 9 жніўня ў Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары.
Па інфармацыі ЦВК, 80,1% выбаршчыкаў прагаласавала за Аляксандра Лукашэнку і ўсяго 10,1 % — за яго галоўную канкурэнтку Святлану Ціханоўскую.
Прадчуваючы фальсіфікацыі пры падліках галасоў, беларусы загадзя дамовіліся, як будуць змагацца за сваю праўду. Для гэтага трэба было зарэгістравацца на спецыяльна створанай для гэтага платформе “Голас”, прагаласаваць, сфатаграфаваць свой бюлетэнь і даслаць распрацоўшчыкам.
Таксама працавала каманда, якая збірала дадзеныя пратаколаў пасля выбараў. У выніку атрымалася сабраць інфармацыю з 1310 выбарчых участкаў (усяго ў краіне іх было 5767).
“На большасці ўчасткаў альбо выніковыя пратаколы не вывешваліся ў прынцыпе, альбо іх выносілі пад аховай АМАПа. 1310 пратаколаў, якія ў нас ёсць, — гэта ўсё, што ўдалося сфатаграфаваць назіральнікам”, — каментаваў Павел Лібер, адзін з галоўных распрацоўшчыкаў платформы.
На рэсурсе зарэгістраваліся 1,26 млн чалавек. 1,05 млн з іх прагаласавалі на сайце за Святлану Ціханоўскую, 536 546 даслалі фота бюлетэняў, якія пацвярджаюць факт такога ж галасавання ў рэальнасці. Гэта менш за 588 622 галасоў, якія прыводзіць ЦВК, але і на платформе зарэгістраваліся не ўсё беларусы, якія прымалі ўдзел у выбарах. Таксама некаторыя людзі баяліся здымаць свае бюлетэні ці ім проста забаранілі.
Як бы там ні было, мала хто паверыў у 80-працэнтную перамогу Лукашэнкі пасля таго, як ён аб’явіў, што ў Беларусі няма каранавіруса, закруціў гайкі прадпрымальнікам і перасадзіў за краты патэнцыйных кандыдатаў.
“Саша, сыходзь! Прэзідэнтка — Ціханоўская!”
Сотні тысяч беларусаў розных узростаў выйшлі на вуліцы сваіх гарадоў, каб сказаць “не” хлусні. Жорсткія падаўленні пратэстаў і катаванні ў турмах не спынялі нашых суайчыннікаў да самых халадоў.
Сярод гэтых людзей былі студэнты і пенсіянеры, працаўнікі заводаў і вядучыя дзяржаўных тэлеканалаў, медыкі, музыкі, акторы, настаўнікі… Вы. Мы. Нашыя сваякі і сябры.
16 жніўня 2020 года ў Беларусі прайшла самая масавая па колькасці ўдзельнікаў акцыя пратэсту "Марш за свабоду". У гэты дзень ля Стэлы ў Мінску сабралася ад 400 да 500 тысяч беларусаў (без уліку перамяшчэння людзей па вуліцах).
"Гэта перамога! Гэта перамога!" — паўтаралі беларусы, упіваючыся сваёй кансалідацыяй…
Каб падтрымліваць яе, людзі збіраліся ў сваіх дварах і ладзілі суседскія вячоркі. Гарачая гарбата, хатняе печыва, беларуская музыка; планы на заўтра і будучыню без Лукашэнкі...
Што цяпер?
Пасля ўзмацнення рэпрэсій сотні тысяч беларусаў былі вымушаныя пакінуць краіну. За межамі пачаў дзейнічаць беларускі ўрад на чале са Святланай Ціханоўскай, які складаецца з прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў.
У інтэрв’ю Еўрарадыё палітычны аналітык Арцём Шрайбман параўноўвае падзеі 2020 года з паўстаннем Кастуся Каліноўскага 1863 года.
Па яго словах, яно мела трагічныя наступствы для сучаснікаў, але ў жыцці нашчадкаў гэта стала яшчэ адной датай пра беларускі гераізм.
На жаль, наступствы падзей 2020 года мы бачым і цяпер.
У краіне працягваюцца беспрэцэндэнтныя рэпрэсіі. Беларусаў, нязгодных з пасадай Лукашэнкі, звальняюць з працы, кідаюць за краты, пагражаюць іх родным. Некаторыя з іх паміраюць падчас адбывання наказання, некаторыя проста знікаюць.
Сёння вядома пра 13 беларусаў, смерці якіх так ці інакш звязаныя з іх жаданнем жыць у вольнай краіне.
Па дадзеных праваабарончага цэнтра “Вясна”, на сёння ў Беларусі налічваецца 1494 палітычных зняволенных. Многія затрыманыя за палітыку не маюць такога статуса.
“Мяне можа спыніць толькі адно: калі я не буду адчуваць падтрымку беларусаў”, — кажа Святлана Ціханоўская і абяцае працягваць барацьбу за свабоду беларускага народа.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.