Януковіч: У бліжэйшай перспектыве падпішам дамову аб асацыяцыі з ЕС
Такую заяву ўкраінскі прэзідэнт зрабіў на пленарным паседжанні саміта "Усходняга партнёрства" ў Вільні.
Віктар Януковіч нагадаў, што Украіна сумесна з Еўрасаюзам ужо больш за шэсць гадоў ідзе няпростым шляхам перамоваў і пошуку кампрамісаў. Паводле яго слоў, на гэтым шляху засталося зрабіць толькі некалькі рашаючых крокаў.
"Упэўнены, што найбольш паказальным крокам, які б сведчыў, што ЕС насамрэч гатовы адчыніць свае дзверы, сталася б неадкладнае ўвядзенне бязвізавага рэжыму для грамадзян Украіны", — цытуе словы Януковіча РІА "Новости".
Нагадаем, на мінулым тыдні ўрад Украіны прыпыніў падрыхтоўку да падпісання пагаднення аб асацыяцыі з ЕС, што выклікала рэзкую крытыку з боку еўрапейскіх краінаў ды масавыя акцыі пратэсту ў многіх украінскіх гарадах.
У агульнай дэкларацыі, падпісанай у пятніцу па выніках саміта "Усходняга партнёрства" ў Вільні гаворыцца, што Еўрасаюз і Украіна паўтарылі свой намер падпісаць пагадненне аб асацыяцыі. Еўрасаюз не мае намеру мяняць умоваў на перамовах з Кіевам.
Фота — ria.ru