Ярмошына не знайшла пагроз у абяцанні Лукашэнкі нагадаць расстрэлы ў Андыжане
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына не пабачыла пагроз у згадках Лукашэнкі пра расстрэлы ў Андыжане.
Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе на ліст менчука, які прасіў не рэгістраваць Аляксандра Лукашэнку кандыдатам у прэзідэнты.
Мінчук напісаў зварот з нагоды выступу Лукашэнкі 4 чэрвеня. Аўтар звароту лічыць, што кіраўнік дзяржавы "прама ці ўскосна казаў пра ўжыванне гвалту да іншадумцаў, прыводзячы прыклады Узбекістана і Таджыкістана з масавымі расстрэламі".
Падставай для гэтага ён назваў фразу: "Забылі, як былы прэзідэнт Карымаў у Андыжане здушыў путч, расстраляўшы тысячы чалавек? Усе асуджалі яго, а калі памёр — на каленях стаялі, галасілі-плакалі. Мы гэтага не перажылі, таму мы гэтага разумець не хочам — некаторыя. Ну дык мы нагадаем".
Фразу "Краіну яны не атрымаюць" мінчук кваліфікаваў як пагрозу ўзурпаваць уладу. "Ці мае права кандыдат у прэзідэнты такое заяўляць? Гэта вельмі небяспечныя заявы, пагрозы ўжывання сілы супраць беларускага народу ў выпадку, калі народ абярэ іншага кандыдата", — адзначыў аўтар звароту.
На яго думку, кіраўнік Беларусі выкарыстоўваў службовае становішча ў інтарэсах абрання, чым парушыў артыкул 73 Выбарчага кодэкса. Таму ён папрасіў не рэгістраваць Лукашэнку кандыдатам у прэзідэнты.
У сваім адказе Лідзія Ярмошына заявіла, што Лукашэнка як гарант Канстытуцыі "абавязаны прымаць усе меры, у тым ліку і сілавыя, для абароны дзяржаўнага ладу і правапарадку, пра што ён эмацыйна выказаўся".
А ўсе ацэнкі гэтага выступу яна назвала беспадстаўнымі: "Вашы здагадкі пра пагрозы суб’ектыўныя і не грунтуюцца на змесце дадзеных выступаў".
Старшыня ЦВК падкрэсліла, што ў Выбарчым кодэксе ёсць дакладны пералік прыкмет злоўжыванняў службовым становішчам у мэтах вылучэння і абрання. Выказванні службовых асоб на працоўных сустрэчах не лічацца такім злоўжываннем, таму зварот з'яўляецца неабгрунтаваным.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.