Ярмошына: Незалежная камісія па праверцы подпісаў — парушэнне закона

Пры жаданні можна звярнуцца да пракурора, каб праверыў, ці няма ў стварэнні такой камісіі перавышэння паўнамоцтваў. Так старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына каментуе Еўрарадыё намер шэрагу дэмакратычных структур стварыць незалежную камісію, каб праверыць сапраўднасць здадзеных за Таццяну Караткевіч подпісаў.

Апазіцыя стварыла групу па праверцы подпісаў за Таццяну Караткевіч

Ярмошына: “Гэта несусветнае глупства і ўвогуле гэта — парушэнне закона. Пры жаданні можна пракурора спытацца, ці няма тут перавышэння якіх паўнамоцтваў. Людзі замахваюцца на тое, што замацавана Канстытуцыяй — што выбары ў нас у краіне праводзяць выбарчыя камісіі. А тут дэманстратыўна паказваюць: не, ёсць яшчэ нейкія арганізацыі, якія маюць права падмяняць выбарчыя камісіі. І таму — хай не жартуюць так!”.

Па словах старшыні ЦВК, праца такой камісіі не прывядзе да паразумення ўнутры апазіцыі. Наадварот, сам факт такой праверкі прынясе “раздрай і сумневы ў грамадства — нельга недаацэньваць палітычную хвалю на пустым месцы, якая можа ўзнікнуць”. Ярмошына ўпэўненая, што трэба не займацца нейкімі праверкамі, а “радавацца таму, што кандыдатаў будзе больш”. Стварэнне ж такой камісіі старшыня ЦВК лічыць дзеяннем, накіраваным на зрыў выбараў.

“Мне, шчыра кажучы, яе (Таццяну Караткевіч — Еўрарадыё) шкада. Я спадзяюся, што гэтая баба выстаіць і яны яе не затравяць”, — кажа Лідзія Ярмошына.

Нагадаем, ініцыятыўная група Таццяны Караткевіч здала 107 тысяч подпісаў. Іх праверкай займаюцца выбарчыя камісіі.

Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі