Ярмошына параіла кандыдатам у прэзідэнты стаць актыўнымі блогерамі
Прэзідэнцкая кампанія пачнецца ў Беларусі не пазней за 15 жніўня.
Кандыдат у прэзідэнты павінен сам дамагацца пазнавальнасці ў грамадстве. Такое меркаванне выказала старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына, выступаючы ў эфіры тэлепраграмы “Буйным планам” на тэлеканале “Беларусь 1”.
Ярмошына дала будучым кандыдатам у прэзідэнты некалькі рэкамендацый па раскрутцы: напрыклад, палітыку варта за пяць год да выбарчай кампаніі стварыць у інтэрнэце блог , завесці сабе фрэндаў і весці шырокую перапіску.
Абмяркоўвай усё — ад тэатральнай пастаноўкі да чэмпіяната свету па хакеі. Будзь паўсюль. І ты так паступова станеш пазнавальным, дарэчы, абсалютна бясплатна практычна. І на дзяржаву няма чаго наракаць”, — сказала старшыня ЦВК.
Лідзія Ярмошына мяркуе, што галоўнае для палітыка — атрымаць сацыяльны аўтарытэт і стаць вядомым з пазітыўнага, цікавага пункту гледжання для саміх выбаршчыкаў.
Што тычыцца даты правядзення прэзідэнцкіх выбараў, то канчаткова яе павінен назваць парламент. Па словах Ярмошынай, дата 15 лістапада ўзгодненая з кіраўніцтвам краіны і не выклікае пярэчання.
Сама ж прэзідэнцкая гонка павінна пачацца не пазней за 15 жніўня.
Фота: Bymedia