Ярмошына: удзельнікі выбараў — у роўных умовах. У той ці іншай меры

Лідзія Ярмошына / БЕЛТА
Лідзія Ярмошына / БЕЛТА

Удзельнікі прэзідэнцкай гонкі "ў той ці іншай меры знаходзяцца ў роўных умовах". Пра гэта кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла ў эфіры Еўрарадыё.

"Я лічу, што ў той ці іншай меры [ўдзельнікі выбараў] знаходзяцца ў роўных умовах, таму што калі хто-небудзь з кандыдатаў (у цяперашні момант можна гаварыць пра кіраўніка дзяржавы) карыстаецца перавагамі для асвятлення сваёй дзейнасці ў дзяржаўных СМІ, то ўсе астатнія на ўсю катушку выкарыстоўваюць інтэрнэт-рэсурсы.

Больш за тое, асобы Бабарыкі і Цапкалы, якія былі малавядомыя, за два месяцы былі "створаныя" інтэрнэт-рэсурсамі. Як і спадарыня Ціханоўская, якая, па сутнасці, была звычайнай хатняй гаспадыняй. Таму можна гаварыць пра роўнасць — трэба ацэньваць сітуацыю па сукупнасці ўсіх умоў", — сказала Лідзія Ярмошына.

Аляксандр Лукашэнка ў якасці кандыдата ў прэзідэнты ўжо адмовіўся ад выкарыстання свайго эфірнага часу на радыё і тэлебачанні. Ён не будзе ўдзельнічаць у дэбатах з іншымі прэтэндэнтамі на прэзідэнцкае крэсла.

"Дэбаты з удзелам кіраўнікоў дзяржаў праходзяць у краінах старой дэмакратыі", — сказала Ярмошына. Кіраўніца ЦВК прывяла прыклад прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне 2019 года, калі Зяленскі дэбатаваў з Парашэнкам толькі перад другім турам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі