Яшчэ некалькі арганізацый падтрымалі пазіцыю МАК па Беларусі
МАК шукае магчымасць дапусціць спартоўцаў з Беларусі і Расіі да міжнародных спаборніцтваў / фота ілюстрацыйнае, pixabay
Чатыры з пяці кантынентальных алімпійскіх асацыяцый, а таксама Асацыяцыя Нацыянальных алімпійскіх камітэтаў падтрымалі пазіцыю МАК у дачыненні да спартоўцаў з Беларусі і Расіі, піша выданне Inside the Games.
МАК спрабуе зрабіць магчымым удзел для спартоўцаў з гэтых краін у Алімпійскіх гульнях.
Сярод тых, хто падтрымаў гэту пазіцыю — Еўрапейскія алімпійскія камітэты, Алімпійская рада Азіі, Асацыяцыя нацыянальных алімпійскіх камітэтаў Афрыкі і Panam Sports. Усе яны сцвярджаюць, што нельга забараняць спартоўцам браць удзел у спаборніцтвах на падставе пашпарта.
“Што да будучага ўдзелу расійскіх і беларускіх спартоўцаў у міжнародных спаборніцтвах, Еўрапейскія Алімпійскія камітэты ўсведамляюць важнасць знішчэння бар'ераў для таго, каб спорт служыў яднальнай сілай”, — гаворыцца ў заяве ЕАК.
Там таксама дэкларуецца, што, нягледзячы на такую пазіцыю ў дачыненні да спартоўцаў з Расіі і Беларусі, орган працягвае выказваць салідарнасць з Украінай.
Бліжэйшыя Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы ў 2024 годзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.