Яшчэ тры станцыі Мінскага метро плануюць адкрыць на працягу двух гадоў
Пракладка трэцяй лініі Мінскага метро / БЕЛТА
У найбліжэйшыя два гады ў Мінску адкрыюць яшчэ тры станцыі метро Зеленалужскай лініі. Пра гэта заявіў у эфіры АНТ старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў. Паводле яго слоў, пашырэнне станцый метро цяпер — галоўная задача ў сталіцы.
"Штодня больш за 850 тыс. чалавек карыстаецца паслугамі метро, таму мы плануем на працягу двух гадоў завяршыць будаўніцтва яшчэ трох станцый першай чаргі трэцяй лініі", — сказаў Кухараў. Сёлета, паводле яго слоў, пачнецца будаўніцтва і другой чаргі Зеленалужскай лініі.
Нагадаем, першыя чатыры станцыі Зеленалужскай лініі ("Кавальская Слабада", "Вакзальная", "Плошча Францішка Багушэвіча", "Юбілейная плошча") адкрылі 7 лістапада 2020 года. Тры станцыі, пра якія кажа Кухараў, — гэта "Аэрадромная", "Немаршанскі Сад" і "Слуцкі Гасцінец". Дагэтуль іх планавалася адкрыць восенню 2023 года. Усяго ж у Зеленалужскай лініі метро мяркуецца 14 станцый. Усе павінны быць гатовыя да 2026-2028 года.
Паводле слоў кіраўніка мінскага гарвыканкама, праектуецца і чацвёртая лінія метро. Яна будзе кальцавая.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.