Юлія Глебава прэзентуе кліп па матывах гісторыі Беларусі

Поп-рок спявачка Юлія Глебава і гурт “Час Speak” прэзентуюць кліп-фантазію на песню “Не зря”, якая трапіць на другі альбом музыкаў.

“Песня пра тое, што ўсё дабро, якое б мы не зрабілі, не дарэмнае, нават, калі вынік адразу не заўважны, — распавядае пра кліп вакалістка. — Каб паказаць гэтую сувязь часоў, мы выбралі дзве сюжэтныя лініі: сярэднявечную і сучасную. Таму расткі дабра, асветы, тыя запаветы, якія запісвае наша гераіня, даходзяць усё ж да адрасата. Сучасныя археолагі — другая лінія сюжэта — знаходзяць куфар з каштоўным світкам і змяшчаюць яго ў музеі”.

Па словах музыкаў, гэта гісторыя — свайго роду фантазія па матывах культурна-гістарычнага мінулага Беларусі. Яна распавядае пра сапраўдныя каштоўнасці, над якімі не ўладарыць час. У відэа ёсць усё неабходнае: драматызм, заклік і аптымістычная развязка, а брутальная і нават жорсткая, але адначасова рамантычная эпоха Сярэднявечча, робіць яе зразумелай людзям абсалютна любой нацыянальнасці.

Над кліпам працавалі рэжысёр Яўген Лыткін і аператар Максім Малахаў, галоўную ролю выканала маладая гарадзенская актрыса Юлія Марцінкевіч. Каб рэалізаваць задуманае, здымачная група правяла два дні ў Лідскім замку, дзе працавала над гістарычнымі сцэнамі разам з рыцарскім клубам “Валадар”. Таксама здымкі праходзілі ў бібліятэцы Універсітэта культуры і Нацыянальным гістарычным музеі.

Цяпер Юлія Глебава і гурт “Час Speak” працуюць над новым альбомам, рэліз якога запланаваны на верасень-кастрычнік.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі