З 2012 года мінчукі згубілі ў заробку 1238 талонаў на аўтобус (інфаграфіка)

У канцы 2012 года на сярэдні заробак мінчука можна было набыць 3193 талонаў на праезд. Цяпер кошт талона вырас да 3700, і на сярэдні заробак можна набыць усяго 1955 талонаў — гэта антырэкорд.

Наколькі ж танны праезд? Сапраўды, калі параўнаць з Варшавай, то наш квіток каштуе 37 цэнтаў, там квіток у 4 разы даражэйшы — 4,4 злотых (1,5$).

Але талоны — гэта для турыстаў. Мясцовыя збольшага карыстаюцца праязнымі, а тут усё па-іншаму. Квіток на 30 дзён на ўсё віды транспарту каштуе 110 злотых (36,5$), на 90 дзён — 280 злотых (93$), гэта па 31$ за месяц.

У Беларусі праязны на ўсе віды на месяц каштуе столькі ж — 299 700 (прыкладна 30$). Cярэдні заробак у Мінску — 732$, у Варшаве — большы за $1,5 тысячы.

Таму параўнаем кошты з больш блізкім для нас горадам. У Кіеве талон каштуе 2,5 грыўны (22 цэнты ці 2250 беларускіх рублёў). Каля 20 долараў каштуе праязны на ўсе віды транспарту. Выходзіць, што праезд у Кіеве ў паўтара разы таннейшы, чым у Мінску.

Відавочна, што цяпер у Мінску ездзіць па талончыках стала нявыгадна. Які ж квіток набываць?

Адназначна, нявыгадны праязны на адзін від транспарту, бо ён каштуе 166 500 рублёў. Калі ездзіць па два разы ў працоўны дзень, то кошт адной паездкі атрымоўваецца ў раёне 3700. Зусім як квіток.

Калі браць пакеты адразу на 5-60 паездак, то атрымоўваецца выгадней.

18100 рублёў (5 паездак) — 3620

101000 рублёў (30 паездак) — 3367

131700 рублёў (40 паездак) — 3293

161 000 рублёў (50 паездак) — 3220

188 700 рублёў (60 паездак) — 3145

Калі ж за дзень трэба рабіць больш за две паездкі, ці ехаць з перасадкамі на розным транспарце, то адназначна трэба набываць квіток на 2-3 віды транспарту.

Фота: zaxad.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі