З аптэк знік важны прэпарат ад астэапарозу. Ён вернецца не раней за жнівень
Лекі з'явіцца не раней за жнівень
З беларускіх аптэк знік імпартны прэпарат ад астэапарозу "Ібандранат-Тэва". Хоць яго няма ў наяўнасці, дактары працягваюць яго выпісваць. Ніякіх аналагаў з тым самым рэчывам (ібандронавая кіслата) таксама няма ў продажы.
Журналіст Еўрарадыё пад выглядам занепакоенага грамадзяніна патэлефанаваў у "Белфармацыю" і высветліў, што чакаць паставак давядзецца мінімум тры месяцы.
— "Ібандранат-Тэва" з'явіцца ў Беларусі не раней за жнівень. Але, ведаючы іх, я б не разлічвала на жнівень. Арыентавана — восень. Цяпер наогул з пастаўкамі лекаў вельмі складана. Чакаем, пакуль у пастаўшчыка нешта з'явіцца на складзе, — расказвае супрацоўніца "Белфармацыі".
Паводле суразмоўніцы, цяпер "Белфармацыя" закупляе прэпарат "Рэзавіва" — расійскі аналаг з тым жа рэчывам. Паводле самых спрыяльных прагнозаў, ён мусіць паступіць у аптэкі ў канцы траўня.
Еўрарадыё адправіла запыт кампаніі — вытворцы лекаў, ізраільскай Teva Pharmaceutical. Калі там адкажуць на нашы пытанні і растлумачаць прычыны адсутнасці ў продажы лекаў іх вытворчасці (не толькі "Ібандранату"), мы апублікуем абноўленую інфармацыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.