З Беларусі дэпартуюць нідэрландца, які хацеў пачаць тут "новае жыццё"

Грамадзянін Нідэрландаў ехаў у Беларусь, каб пачаць новае жыццё / gpk.gov.by
Грамадзянін Нідэрландаў ехаў у Беларусь, каб пачаць новае жыццё / gpk.gov.by

Двух незвычайных парушальнікаў мяжы затрымалі днямі беларускія памежнікі.

Пра аднаго падазронага грамадзяніна паведамілі літоўскія калегі. У выніку за 200 метраў ад мяжы ў Астравецкім раёне быў знойдзены мужчына на ровары, якія рухаўся ўглыб краіны. Ім аказаўся 48-гадовы грамадзянін Нідэрландаў. Па яго словах, ён вельмі хацеў пачаць новае жыццё ў Беларусі ці Расіі, але трапіць сюды законна не мог.

Другога парушальніка, які здолеў здзівіць памежнікаў, злавілі недалёка ад пункта пропуску Перароў на беларуска-польскай мяжы. Мужчына абышоў польскі пункт пропуску Белавежа, перасёк дзяржмяжу ў Беларусь, "дзе, да здзіўлення замежніка, яго чакаў памежны нарад заставы", расказалі ў Дзяржпамежкамітэце краіны.

Жыхар Познані патлумачыў памежнікам, што пасварыўся з бацькам і вырашыў сысці ў Беларусь, знайсці тут працу.

"Таксама, са слоў самога затрыманага, ён не ведаў, што беларуска-польская мяжа ахоўваецца", расказалі ў ДПК.

Абодвух парушальнікаў цяпер чакае штраф і дэпартацыя. Вярнуцца ў Беларусь у найбліжэйшыя пяць гадоў яны таксама не змогуць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі