З БТ — у "Бігз" і ў кавярню: куды ідуць працаваць былыя журналісты дзяржСМІ
Былыя работнікі дзяржСМІ / калаж Еўрарадыё
Сёння ўжо цяжка падлічыць, колькі прафесіяналаў звольнілася з беларускіх дзяржаўных СМІ пасля прэзідэнцкіх выбараў. Адны гучна бразгалі дзвярыма і публікавалі ў сацсетках фота з працоўнымі кніжкамі, другія ціха сыходзілі па пагадненні бакоў. Еўрарадыё пагутарыла з работнікамі газет і тэлебачання, якія пасля выбараў пакінулі свае рэдакцыі. Некаторыя ўжо знайшлі працу, а іншыя да гэтага часу ў складаным пошуку.
Дзмітрый Арцюх: перайшоў у рэжым эканоміі
Я працаваў у газеце "Мінская праўда" і на сайце Mlyn.by адным з рэдактараў. Звольніўся 18 жніўня. Мне не хацелася сваімі рукамі выпускаць у інтэрнэт матэрыялы, з якімі я не згодны. Чытаў — і ўва мне ўсё ўнутры кіпела, пратэставала. Хацелася праўды і гаварыць праўду.
Мяне на журфаку вучылі: трэба аб'ектыўна адлюстроўваць рэчаіснасць. Не перабольшваючы і не становячыся на чыйсьці бок. Калі ёсць перабольшанне і падман, я не хачу з гэтым мірыцца. Напрыклад, можна не 80, а 60 адсоткаў напісаць. Гэта, напэўна, таксама будзе падман, але калі ідзе гіперфальш — не хачу ў гэтым удзельнічаць.
Пайшоў. Цяжкавата, вядома. Перайшоў у рэжым эканоміі. То ў бацькоў пабуду, то ў сястры, каб менш траціць. Пачаў шукаць працу, напісаў у групы падтрымкі, якія абяцалі дапамогу тым, хто звольніцца з дзяржаўных СМІ. Атрымаў некалькі водгукаў. Прапанавалі працаваць у круізным бізнесе. Зрабіў тэставае заданне ў адной IT-кампаніі. Пакуль мне не адказалі.
Калі я сыходзіў з працы, мне казалі, што ўсе дэградуюць і апускаюцца, калі сыходзяць з дзяржаўных СМІ. Я не згодны. Наадварот — гэта новы рост, новая прыступка, новыя магчымасці для сябе. Таму я пасмяяўся з гэтага і цяпер развіваюся. Уладкаваўся капірайтарам на расійскі сайт "Сделано. Медиа", буду працаваць пазаштатна. Працягваю шукаць працу ў Беларусі. Хочацца быць карысным тут, але пакуль гэта праблематычна.
Затое вызваліўся час для творчасці. Я два гады працаваў над адным фільмам. Дарабіў яго і адправіў на міжнародныя конкурсы. Цяпер жыву гэтым. Магчыма, атрымаецца зняць яшчэ адзін. У мінулым я здымаў розныя перадачы для царкоўнага сайта, звязаныя з новапакутнікамі, 37-м годам, рэпрэсіямі, Курапатамі. Я б хацеў працягваць гэтую тэму і далей. Раскопваць гісторыі людзей, якія былі нявінна забітыя за свае погляды, пазіцыю і веру.
Антон Турчанка: буду капірайціць у Mark Formelle
Я працаваў у газеце "Энергетика Беларуси". Пасля выбараў, калі мы ўсе даведаліся пра разгон пратэстаў, прафсаюз энергетыкаў адкрыта асудзіў жорсткасць, заклікаў правесці расследаванне. Потым гэта паведамленне было выдаленае.
Палова маіх тэм была звязана з прафсаюзам. Я зразумеў, што больш не змагу нармальна глядзець у вочы гэтым людзям і пісаць пра тое, як прафсаюз арганізаваў спартакіяду або збор грыбоў. Гэта стала пунктам невяртання, калі я зразумеў, што ўсё. Вядома, мы не пісалі ў газеце пра палітыку. Але прафсаюзная гэта гісторыя мяне даканала.
Я адпраўляў рэзюмэ ў нейкія недзяржаўныя выданні, але іх праігнаравалі. Асабістых сувязяў у мяне няма. У выніку прайшоў сумоўе і зрабіў тэставае заданне ў кампаніі Mark Formelle. Прайшло тры тыдні — і мяне паклікалі на працу. Буду капірайціць у іх у аддзеле маркетынгу: рэклама, апісанне тавараў, пост-рэлізы. Там добрая каманда, спадзяюся, што ўсё атрымаецца.
Садаф Валадзько: звольнілася, калі ўбачыла, што пацярпела дзіця
Я працавала рэдактарам сайта ont.by. У інтэрнэт-дырэкцыі, была найлепшым супрацоўнікам. Паралельна вучылася, хацелася працаваць у кадры, павінна была быць карэспандэнтам у перадачы "Добрай раніцы, Беларусь". Але праз палітычныя перакананні і тое, што адбываецца ў краіне, вырашыла сысці.
Пунктам невяртання стала фатаграфія дзяўчынкі з акрываўленым тварам, якую я ўбачыла ў свой дзень нараджэння. Я не хацела быць хоць нейкім чынам датычнай да бязмежжа, якое адбываецца.
Сышла 13 жніўня, мэты знайсці працу ў офісе не было. Заўсёды марыла развівацца ў блогінгу, але не магла знайсці на гэта час. Цяпер вяду блог пра прыгажосць і моду, гэта перспектыўная сфера. Спадзяюся, што ў будучыні даб'юся нейкіх вынікаў.
Праца мары — трапіць у "Касмаполітэн" і працаваць там фэшн-рэдактарам. Апошнім часам на АНТ у мяне была такая ж спецыялізацыя. Я супакойвала сябе тым, што мая праца не датычылася палітыкі. Але, калі падумаць, я ўсё ж падтрымлівала цяперашні рэжым, паколькі працавала і прыносіла карысць дзяржканалу, які непасрэдна звязаны з цяперашняй уладай. Выходзіць, я ўсё роўна гэтага тычылася. А мне не хацелася. Мне было сорамна глядзець у вочы сваім сваякам і сябрам.
Валерыя Чарных: пасля "Пушкінскай" змагацца з сумленнем стала немагчыма
Я вяла сацыяльныя сеткі ў Агенцтве тэленавін Белтэлерадыёкампаніі. Звольнілася 21 жніўня. Заяву напісала за тыдзень да гэтага. Ішла ў нікуды.
Я выдатна памятаю, што стала пунктам невяртання. Жыву побач са станцыяй метро "Пушкінская", дзе 10 жніўня быў пратэст. Я выходзіла і бачыла, што там адбывалася. І як газам труцілі, і як падрывалі... Бачыла і старалася дапамагаць людзям, чым магла: скідвала ваду, выносіла ручнікі, каб хоць неяк маглі дыхаць. І пасля гэтай ночы я выйшла на працу ў ранішнюю змену. Раптам чую, як па навінах кажуць: Аляксандр Тарайкоўскі [дэманстрант, забіты на Пушкінскай вечарам 10 жніўня. — Еўрарадыё] ўвесь такі крымінальнік, маўляў, можа, гэта і правільна, калі ён сам сябе падарваў.
Пасля гэтага нічога было немагчыма рабіць у гэтай установе, я проста напісала заяву і прыйшла да свайго кіраўніцтва. Растлумачыла прычыну. Па-першае, прывяла ў прыклад гэты выпуск навін, па-другое, сказала, што мае палітычныя погляды ўжо даўно не адпавядаюць пазіцыі Белтэлерадыёкампаніі. Калі раней можна было трываць, то цяпер барацьба з сумленнем нікуды не вартая.
Мяне вельмі адгаворвалі. Казалі, што ім патрэбныя такія супрацоўнікі, як я. Я адказала: навошта вам такія нядобранадзейныя? Па факце я нічога добрага рабіць не буду. Заўсёды буду ісці супраць і пайду, хай нават па артыкуле. Мне казалі, што ў СМІ я больш не вярнуся, дарога закрытая. Гэта я разумела і без іх слоў. Вяртацца, уласна, і не збіралася. Мяне адпусцілі па пагадненні бакоў, за што ім дзякуй.
Першы час не магла нічога знайсці. Тады надумала паспрабаваць такі варыянт: запосціла ў свой інстаграм-акаўнт фатаграфію і інфармацыю пра тое, што я шукаю працу і што ўмею. Старгетавала рэкламу на гэты допіс. Мяне знайшлі эйчары крамы "Бігз" і папрасілі прыйсці на сумоўе. Цяпер вяду ў іх сацыяльныя сеткі.
Досвед у гандлі для мяне абсалютна новы. Я б сказала, што тут больш магчымасцяў. Можна развівацца ў многіх сферах. У СМІ такога не было. У асноўным усю інфармацыю табе дасылалі людзі, а ты сядзіш і пішаш. Тут усё ў комплексе: і фатаграфія, і таргетынг, і тэксты, і вядзенне сацсетак. Тут больш прастору для творчасці. Гэта добры старт для таго, каб потым ужо развівацца ў класічным СММ.
Дар'я Вайтовіч: цяпер прыходзіш дадому, кладзешся — і адразу засынаеш
Я працавала асістэнтам гукарэжысёра на Белтэлерадыёкампаніі. Пайшла туды праз вялікую любоў да беларускага футбола. Спартыўная гукарэжысура — рэч цікавая, але БТ — гэта не тое, што адпавядае маім поглядам на жыццё.
Перад выбарамі спецыяльна ўзяла адпачынак, каб паназіраць, з запасам на 15 сутак, калі затрымаюць. Назірала на ўчастку, дзе галасавала Святлана Алексіевіч. Некаторыя хлопцы і дзяўчаты прыносілі кнігі, яна іх падпісвала. Дырэктар пастаянна выганяла нас з тэрыторыі школы, але без жэсці, як было на некаторых іншых участках. Мы назіралі з вуліцы, лічылі па белых бранзалетах людзей, якія галасавалі за Ціханоўскую.
У пратаколах вынікі былі непраўдзівыя. Яўка была ў два з паловай разы завышаная на датэрміновым галасаванні і ў два з паловай разы заніжаная ў асноўны дзень выбараў.
Пасля выбараў я пайшла дадому, жыву ў цэнтры. Потым зразумела, што не магу сядзець і проста слухаць стрэлы... Не магу не знаходзіцца там, дзе нешта адбываецца. Пайшла на мітынг разам з сябрам. Да стэлы не падыходзілі, ужо цяжка было падысці. Пачаліся жорсткія разгоны. У раёне Кісялёва бусік спыніўся — людзей затрымлівалі. Мы ўцяклі. Я запомніла нейкі падвал, у якім хавалася, проста паўгадзіны сядзела спінай да сценкі. Калі ўсё сціхла, вярнулася дадому.
Я вырашыла, што трэба нешта надзівачыць на БТ, узяла БЧБ-сцяг, павесіла на 16-м паверсе будынка. Яшчэ ў перадачы "Времечко" перыядычна гучыць гук набору тэлефона. Яго запускае гукарэжысёр у жывым эфіры. Я хацела замяніць гэты файл на песню "Перамен", але не атрымалася.
У той дзень у студыі здымалі "Клуб рэдактараў", сядзеў Эйсмант і іншыя хлопцы. Я зайшла туды са стосам улётак з заклікам да забастоўкі. Мы так адно на аднаго паглядзелі, я пакінула ўлёткі і пайшла. Потым са мной размаўляў начальнік службы бяспекі, які патэлефанаваў і папрасіў прынесці яму пару ўлётак. Ён усё разумеў, але пропуск усё роўна заблакаваў.
На працу я хадзіць без пропуску не магла. Прайшоў час, і я даведалася, што мяне звольнілі па артыкуле, нібыта за прагулы.
Мне праца вельмі патрэбна: вучуся на апошнім курсе Акадэміі мастацтваў і трэба кудысьці размяркоўвацца. Пачала шукаць. Сябар, які звальняўся з МДЛУ, прапанаваў мне ўладкавацца на яго месца гукарэжысёрам. Сумоўе, якое праводзілі інжынеры, прайшло выдатна. Але начальнік аддзела кадраў паглядзеў у маю працоўную, дату звальнення і сказаў: "Усё з табой зразумела, нам пратэстоўцы не патрэбныя". Так што пошукі працягваюцца.
Цяпер у асноўным я займаюся фрылансам, зводжу трэкі сябрам-музыкам. Іншыя сябры ўзялі мяне на падпрацоўку ў кавярню, каб я зусім з голаду не памірала. Вару каву, пяку хлеб. Для мяне гэтая сфера не зусім новая, я ўжо калісьці так падзарабляла. Тут больш зносін з людзьмі, гэта карысна: на БТ я прывыкла мець зносіны з камп'ютарамі. Працы шмат, дзень здаецца вельмі доўгім. Прыходзіш дадому, кладзешся — і адразу засынаеш.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.