З настаўнікаў знялі скандальны абавязак збіраць аналізы калу ў вучняў
Збор аналізаў калу ў вучняў настаўнікамі адмянілі. Як стала вядома Еўрарадыё, прынамсі, у адной школе такі абавязак з педагогаў знялі. У камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама сітуацыю пасля бурнага абмеркавання ў сацыяльных сетках і СМІ паднялі на планёрцы.
“У панядзелак мы правялі планёрку, дзе было сказана, што трэба звярнуць увагу на ўстановы адукацыі, дзе збіралі аналізы. Установы адукацыі мусяць займацца адукацыяй, а аналізамі мусяць займацца ўстановы аховы здароўя”, — адказваюць Еўрарадыё ў Камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама.
Пра збор аналізаў калу ў вучняў некаторых сталічных школ стала вядома з сацыяльных сетак праз рэпетытара Яўгенія Лівянта.
Ён і пісьменніца Яўгенія Пастарнак вядуць перапіску і ладзяць сустрэчы з Мінадукацыі з нагоды залішняй папяровай працы ў настаўнікаў, бо апошнія, як вядома, збіраюць макулатуру, кантралююць уступленне дзяцей у спартовыя гурткі, а яшчэ і выпісваюць дзяржвыданні. Прычым, калі збор калу праходзіць у Цэнтральным раёне, то збор макулатуры ў Савецкім.
“Для мяне навіна, што кожны раён нешта там сам сабе вырашае, што збіраць, — абураецца пісьменніца Яўгенія Пастарнак, якая правяла ўжо некалькі сустрэч з чыноўнікамі. — Мінадукацыі, здаецца, нічым тут не кіруе, не займаецца адукацыяй. А руляць усім мясцовыя выканкамы. Значыць, трэба размаўляць з чыноўнікамі. Бо я не разумею структуры, не разумею, хто на каго ўплывае, бо раёнаў шмат. Па ідэі, трэба выходзіць на гарадскія раённыя ўпраўленні і сустракацца з чыноўнікамі там”.
Калі збор калу адмянілі, то падпіска на дзяржвыданні настаўнікам патрэбная, лічаць у Камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама.
“Падпіска — гэта камплектацыя бібліятэк. Калі ў нас ёсць “Настаўніцкая”, то гэта ж газета для педагогаў. На бібліятэку трэба выпісваць экзэмпляр. Калі настаўніку неабходна, то ён можа сам на сябе выпісаць газету. Але настаўніку трэба гэтымі выданнямі карыстацца ў сваёй працы, патрэбны толькі разумны падыход. Мы ж не кажам, што ўсе мусяць пайсці і выпісаць”, — дадаюць у камітэце па адукацыі.
Апроч збору калу, падпіскі на дзяржвыданні, настаўнікі ў розныя часы забяспечвалі прыборку “Чыжоўка-арэны”, а пасля напаўнялі яе сваімі вучнямі падчас хакея, вялі план па захаванасці падручнікаў, кантралявалі жыллёвыя ўмовы вучняў, глядзелі, як яны харчуюцца ў школе. І ўсё гэта ініцыятыва мясцовых чыноўнікаў ад адукацыі.
У Міністэрстве адукацыі ўжо некалькі гадоў кажуць, што педагогаў трэба вызваляць ад залішняй нагрузкі неўласцівай іх спецыяльнасці, а ў новым кодэксе “Аб адукацыі”, абмеркаванне якога, дарэчы, перанеслі, збіраліся нават прапісаць: што мусіць рабіць настаўнік, а што не.