З Новага года “тыповая жыроўка” беларусаў падаражэе на 10 рублёў 80 капеек
Савет міністраў зацвердзіў новыя тарыфы на некаторыя жыллёва-камунальныя паслугі на 2017 год. Пастанова урада №1035 павышае кошт цеплаэнергіі на 17% — да 15,6098 рублёў за 1 Гкал. На столькі ж адсоткаў вырастуць для насельніцтва кошты на прыродны газ у ацяпляльны перыяд. Значна вырастуць субсідаваныя тарыфы на карыстанне вадой. Аплату водазабеспячэння плануецца зрабіць не вышэй за 0,5301 за 1 кубаметр (цяпер 0,2790 руб.); водаадвядзенне (каналізацыю) — не вышэй за 0,354 руб. за 1 кубаметр (цяпер 0,1863 руб.). Вырасце і кошт тэхнічнага абслугоўвання жылога дома — не вышэй за 0,1 руб. за 1 квадратны метр агульнай плошчы жылога памяшкання ў месяц (цяпер 0,0995 руб.). Тэхнічнае абслугоўванне ліфта цяпер будзе каштаваць не больш за 1,19 руб. з аднаго жыхара ў месяц (цяпер 0,6911 руб.), а электраэнергія на работу ліфтаў вырасце з цяперашніх 0,26 руб. да 0,47 руб. з чалавека.
На колькі падаражэе жыроўка
Еўрарадыё падлічвае, на колькі пацяжэе жыроўка пасля ўвядзення новых тарыфаў. Бярэм двухпакаёўку агульнай плошчай 48 кв.м., дзе афіцыйна жыве сям’я з трох чалавек. Дом газіфікаваны, з ліфтамі, а жыхары нашай кватэры не выходзяць за нормы, неабходныя для аплаты па субсідаваных тарыфах.
Ацяпленне
Паводле нарматываў расходу цеплавой энергіі, усталяваных мінскімі ўладамі, на ацяпленне 1 квадратнага метра жылых памяшканняў спатрэбіцца да 0,0134 Гкал. То бок на ацяпленне кватэры ў 48 квадратаў спатрэбіцца 0,6432 Гкал. Па старым тарыфе (13,3417 рубля за 1 Гкал) гэта 8,5814 рубля. Па новым тарыфе — 10,0402 рубля. Розніца атрымліваецца ў 1,4588 рубля.
Газ
Калі ў кватэры не ўсталяваны прыбор індывідуальнага ўліку газу — тарыф 2.26 рублі за аднаго чалавека. У 2017 годзе гэты тарыф павысіцца на 17%, то бок стане 2,64 рублі. Такім чынам, пакуль наша сям’я з трох чалавек на газ выдаткоўвае 6,78 рублёў, а будзе на 1,14 рубля больш — 7,92.
Водаадвядзенне
Вады наша сям’я спажывае 12 кубаметраў у месяц, палова з іх гарачая, а палова —халодная, але ўсе 12 кубоў ідуць у каналізацыю. Цяпер лічым! Водаадвядзенне ў месяц пакуль яшчэ каштуе 2,24 рубля, будзе — 4,25, то бок на 2 рублі 1 капейку даражэй.
Вада
Водазабеспячэнне пакуль яшчэ абыходзіцца ў 3,35 рубля, у наступным годзе стане 6,36 — даражэй на 3 рублі і 1 капейку.
Падагрэў вады
Паводле нарматываў, усталяваных Мінгарвыканкамам, на падагрэў 1 куб.м вады спатрэбіцца 0,0765 Гкал. У нашым выпадку сям’я спажыла 6 кубоў гарачай вады, а значыць, на гэта спатрэбілася 0,459 Гкал. Па старым тарыфе — 6,12 рубля, па новым — 7,16 рубля (на 1,04 рубля даражэй).
Тэхнічнае абслугоўванне
Далей ужо дробныя тарыфы, але… Тэхнічнае абслугоўванне жылога дома для нашай сям’і будзе каштаваць 4,8 рубля (даражэе ўсяго на 2 капейкі). Тэхнічнае абслугоўванне ліфта абыдзецца ў 3,57 рубля (даражэе на 1,5 рубля), а электраэнергія на работу ліфтаў будзе каштаваць 1,4 рубля супраць цяперашніх 80 капеек.
Іншыя тарыфы пакуль што не змяняюцца, а адпаведна, росту па іх паказчыках не будзе. Таму проста сумуем усе падаражанні і даведаемся, на колькі даражэйшай стане сярэдняя жыроўка для беларуса. У нашым выпадку гэта 10 рублёў 80 капеек.
Паводле ўказа кіраўніка краіны № 550 ад 5 снежня 2013 года, “павышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі, якія субсідуюцца дзяржавай, ажыццяўляецца штогод з 1 студзеня ў памеры, эквівалентным пяці доларам ЗША па сярэднегадавым значэнні абменнага курсу ў адпаведнасці з прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на чарговы фінансавы год”. З чаго можна зрабіць два вынікі. Ці павышэнне тарыфаў прайшло ў абыход Указа Аляксандра Лукашэнка, бо 10,8 рублёў па сённяшнім курсе гэта 5,5 долара. Ці ў наступным годзе за адзін долар мы будзем плаціць нешта каля 2,16 рубля.
Пастанова Савета міністраў па павышэнні тарыфаў набудзе моц пасля афіцыйнай публікацыі. Толькі пункт, які тычыцца кошту цяпла, электраэнергіі і газу набудзе моц з 1 студзеня 2017 года.