З новага году для таксовак Uber увядуць падатак на даданую вартасць

З новага году для таксовак Uber увядуць падатак на даданую вартасць

З 1 студзеня для таксовак Uber увядуць падатак на даданую вартасць (ПДВ). Паколькі гэты падатак уключаецца ў кошт тавараў і паслугаў, то новаўвядзенне прывядзе да падвышэння расцэнак на праезд у гэтых таксоўках.

Як паведамляе БелаПАН, з 1 студзеня набывае моц норма Падатковага кодэксу, згодна з якой ПДВ спаганяецца з замежных электронных сервісаў, якія аказваюць у тым ліку пасярэдніцкія паслугі на тэрыторыі Беларусі. Месцам рэалізацыі работ, паслугаў, маёмасных правоў прызнаецца тэрыторыя краіны, калі беларускаму плацельшчыку аказваюцца паслугі, пры дапамозе якіх ажыццяўляецца пошук і (або) даецца інфармацыя аб патэнцыйных пакупніках (спажыўцах).  

Такім чынам, ПДВ будзе спаганяцца з узнагароджанняў нерэзідэнтаў, якія ім выплачваюць беларускія плацельшчыкі за пошук для іх патэнцыйных пакупнікоў, у тым ліку з выкарыстаннем праграмных прадуктаў і электронных платформаў. Якраз прыкладам такіх паслугаў з’яўляецца Uber.

15 лістапада 2016 года Міністэрства падаткаў і збораў і кампанія Uber B.V.  заключылі пагадненне, якое прадугледжвае шэраг захадаў па ўзаемадзеянні і супрацоўніцтве. У міністэрстве адзначаюць, што гэты дакумент дазволіць павысіць эфектыўнасць падатковага кантролю, а таксама паспрыяе стварэнню ўмоваў для фармавання здаровага канкурэнтнага асяроддзя, празрыстых рынкавых умоваў на рынку транспартных паслугаў, у тым ліку тых, якія аказваюцца з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі