З пачатку года камунальныя паслугі падаражэлі на 8 долараў замест абяцаных 5

З пачатку года камунальныя паслугі падаражэлі на 8 долараў замест абяцаных 5

Рост камуналкі абмежаваны пяццю доларамі на год указам кіраўніка краіны. Прычым, даецца канкрэтны паказчык разліку — сям’я з трох чалавек, якая пражывае ў двухпакаёўцы агульнай плошчай 48 кв.м.. З самага пачатку года толькі і размоваў пра тое, як падаражае камуналка. Еўрарадыё вырашыла падлічыць, ці з’едзеныя тыя пяць баксаў за студзень? Пойдзем па спісе паслуг, які надрукаваны ў жыроўцы:

1. Тэхнічнае абслугоўванне. Гэты паказчык будзе разбівацца на некалькі частак: тэхнічнае абслугоўванне будынка, прыборка дапаможных памяшканняў і асвятленне пад’ездаў. Прычым, тарыф на тэхнічнае абслугоўванне не змяняецца, але прыборка і асвятленне пад’езда будуць аплачвацца асобна. Але, як яно будзе насамрэч, пакуль не разумеюць нават самі камунальшчыкі.

ЖЭС і разліковы цэнтр не ведаюць, як мы будзем плаціць “камуналку” па-новаму

2. Капітальны рамонт. Тут пакуль без зменаў. Пакуль.

3. Ацяпленне. Былы тарыф 100 088 рублёў за 1 Гкал. Новы — 133 417. Агульны нарматыў расходу энергіі на ацяпленне ў снежні — 0.0159 Гкал/м2, у студзені ён крыху павялічыўся. Каб ацяпліць двухпакаёўку ў 48 кв.м., спатрэбіцца 0,7632 Гкал. Па снежаньскім тарыфе за месяц набягае 76 387 рублёў, па студзеньскім — 101 824. Розніца ў 25 437 рублёў — першая сума, якую мы запомнім.

4. Вада-каналізацыя. Мінулы тарыф — 2515 рублёў, сёлетні — 8900. Адпаведна, снежаньская жыроўка прыйшла з сумай 31 689, студзеньскую чакаем з сумай 112 140. Падаражанне на 80 451 рублёў. Запамінаем.

5. Падагрэў вады. Тут — колькі накруціў ваш лічыльнік гарачай вады. Агульнага паказчыка энергазатрат на падагрэў не існуе, ён вылічваецца кожны месяц. У сярэднім, атрымліваецца 0.08 Гкал на куб гарачай вады. Дапусцім, што халодную і гарачую ваду наша сям’я расходуе аднолькава, то бок па 6.3 кубаметра. На падагрэў спатрэбіцца 0,504 Гкал. Па снежаньскім тарыфе (100 088) атрымліваецца 50 445 рублёў, па студзеньскім (133 417) — 67 242 рублі. Розніца — 16 797. Запамінаем.

6. Газ. Дапусцім, наша сям’я з трох чалавек не паклапацілася загадзя і не паставіла газавы лічыльнік. Фіксаваная сума на аднаго чалавека ў снежні была 18 800, з траіх узялі 56 400. У студзені тарыф вырас да 22 600, адпаведна, 67800 з траіх. Газ падарэжаў на 11 400 рублёў.

7-8. Вываз смецця даражэў у снежні, студзень — пакуль без зменаў.

У жыроўку не ўключаецца электрычнасць. Таму яе разлічваем асобна, таксама па льготных нормах (150 кілават на месяц). Памнажаем па снежаньскім тарыфе (990 рублёў за кілават) і атрымліваем 148 500 рублёў. У новым годзе тарыф ужо 1188, адпаведна, месяц карыстання электрычнасцю абыдзецца ў 167 700 рублёў. Нязначнае падаражанне, але 19 200.

Вось цяпер з чыстым сумленнем можна падлічваць агульнае падаражанне камунальных паслуг. Нагадаем, сума за ацяпленне вырасла на 25 437, за ваду — на 80 451 рублёў, за падагрэў вады — на 16 797, за газ — 11 400 і за электрычнасць — на 19 200. Агулам, на камуналку ў першы месяц 2016-га года спатрэбіцца на 153 285 рублёў больш.

Указ №550 адказвае, што падаражанне камунальных паслуг можа адбывацца ў памеры “эквівалентным пяці доларам па сярэднегадавым значэнні абменнага курса рубля да долара ў адпаведнасці з параметрамі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на чарговы фінансавы год”. У бюджэце на 2016-ты год курс долара зафіксаваны на пазіцыі 18 600. То бок можам казаць, што камуналка вырасла на 8,2 долара.

“Там жа яшчэ дадаліся 20% ПДВ, — тлумачыць перавышэнне росту камуналкі больш чым на тры долары прэс-служба міністэрства эканомікі. — Раней жа быў нулявы ПДВ, а з гэтага года стандартны — 20%. Таму з улікам ПДВ вашы разлікі могуць адпавядаць рэчаіснасці, падаюцца адэкватнымі”.

Але вось недарэчнасць, новыя тарыфы ўказаныя менавіта без ПДВ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі