З пачатку года з Беларусі ў Расію не пусцілі 400 тон прадуктаў

Беларуская прадукцыя перастала даязджаць да Расіі яшчэ ў кастрычніку мінулага года. Рассельгаснагляд абмяжоўваў то ўвоз мяса, то птушкі, то гародніны. На пасяджэнні вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў справу ўмешваецца кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка:

“Гэта ўсё зроблена ў аднабаковым парадку, без якіх-небудзь кансультацый, абмінаючы ЕЭК, і больш за тое, як стала вядома ў выніку сённяшніх перамоваў з Уладзімірам Уладзіміравічам, і без яго згоды. Адсюль выснова: выразнага механізму ўзаемадзеяння і кантролю ў межах адзінай мытнай прасторы пакуль у поўным аб'ёме няма”, — заявіў Лукашэнка.

Але і ў новым годзе беларускае мяса, яйкі ды раслінныя прадукты не могуць даехаць на расійскі рынак.

Ужо 4 студзеня Рассельгаснагляд вяртае назад у Беларусь 190 тон раслінных прадуктаў, бо:

- больш за 90 тон польскіх і малдаўскіх яблыкаў перавозіліся з парушэннем устаноўленых правілаў транзіту;

- звыш 70 тон плодаагародніннай прадукцыі суправаджаліся несапраўднымі дакументамі, выдадзенымі ў Рэспубліцы Беларусь.

На наступны дзень Расія вяртае назад 20 тон плодаагароднінай прадукцыі:

“Па прычыне ўвозу без суправаджальных дакументаў, а таксама грубых парушэнняў у запаўненні рээкспартнага фітасанітарнага сертыфікату”.

Перад праваслаўным Раством Расія не пускае 30 тысяч яек.

“Ветэрынарны сертыфікат і маркіровачная этыкетка не ўтрымліваюць неабходных звестак аб вытворцы прадукцыі”.

На само Раство Рассельгаснагляд налічвае ўжо 300 тон неўязной расліннай прадукцыі з Беларусі:

“Такая прадукцыя паступае альбо ў суправаджэнні непраўдзівых дакументаў, выдадзеных ўпаўнаважаным органам Беларусі, альбо ў цалкам абязлічаным выглядзе”.

А таксама 17 тон мяса курыцы са “Скідзельскага” мясакамбіната:

“У склад грузу ўваходзіла прадукцыя, вырабленая ў перыяд дзеяння часовых абмежаванняў на пастаўкі з гэтага прадпрыемства”.

60 тон садавіны і гародніны едуць назад у Беларусь 9 студзеня:

- каля 20 тон польскіх яблыкаў перавозіліся з парушэннем устаноўленых правілаў транзіту;

- звыш 40 тон плодаагародніннай прадукцыі ішлі без неабходных адзнак фітасанітарных інспектараў Беларусі, якія гарантуюць бяспеку пастаўкі.

18 тон слуцкага масла Рассельгаснагляд вярнуў у Беларусь 9 студзеня:

“Масла мела "несапраўдны ветэрынарны сертыфікат"”

20 тон беларускай капусты не праехала расійскую мяжу 13 студзеня, бо:

“Адсутнічаў фітасанітарны сертыфікат і маркіроўка на ўпакоўцы прадукцыі”.

Атрымліваецца за 13 дзён новага года Расія не прапусціла каля 400 тон беларускіх прадуктаў на свае рынкі. Летась Беларусь згубіла на расійскім рынку 739 мільёнаў долараў, такія падлікі агучваў тагачасны прэм’ер Міхаіл Мясніковіч.

Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі