З палітвязнем Аляксандрам Казуліным сустрэліся яго жонка і дочкі

У інтэрвію «Еўрапейскаму радыё для Беларусі» дачка палітыка Вольга Казуліна распавяла пра стан яго здароўя і наступствы 55-дзённай галадоўкі:
«У яго праблемы з ацёчнасцю. Засталася ацёчнасць ног, рук, твара - гэта ўсё яшчэ ёсць. А яшчэ турбуе печань. Ён некаторыя прадукты спрабуе, некаторыя прадукты яму не ідуць.

У яго за час выхаду з галадоўкі былі пяць крызаў. Былі такія моцныя болі, што з аднаго крыза ён выходзіў 16 гадзін.

Бывалі такія болі, якія ён «заглушаў» 15 літрамі вады. Столькі вады выпіваў, каб хоць неяк сцішыць боль. Гаварыў, што ў некаторыя моманты думаў, што ўжо настае канец...

І менавіта ў гэтыя крызы асобы, якія там працуюць, спецыяльна да яго чапляліся для таго, каб вынесці спагнанне. За час выхаду з галадоўкі яму далі два спагнанні. За тое, што ён, нібыта, парушае рэжым. Хаця ў яго рэжым пасцельны.

Як хворы чалавек можа парушаць рэжым, калі ён цэлымі днямі ляжыць у ложку?! 23 студзеня ён толькі пачаў патрошку хадзіць».

Нагадаем, што Аляксандр Казулін быў асуджаны на 5,5 гадоў пазбаўлення волі. За кратамі палітык знаходзіцца з сакавіка 2006 года.

Фота www.kp.belkp.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі