З Расіі з пачатку года з'ехалі каля 4 млн чалавек
У аэрапорце / iz.ru
За першы квартал 2022 года з Расіі з'ехала блізу 4 мільёнаў расіян. Гэта вынікае са статыстыкі перасячэння межаў, якую публікуе ФСБ, піша “Новая газета”.
Прыкметна ў параўнанні з мінулым годам вырасла колькасць тых, хто новым месцам жыхарства абраў Грузію. У першым квартале 2022 года туды выехала 38 281 чалавек, і гэта ў пяць разоў больш, чым год таму. Павялічыўся паток людзей у Арменію (у тры разы ў параўнанні з першым кварталам 2021 года), у гэтым годзе туды ўжо перабраліся 134 129 чалавек. Таксама амаль у два разы павялічылася колькасць людзей, якія выехалі з Расіі ў Казахстан, — 204 947 чалавек у гэтым годзе супраць 122 330 у мінулым.
Выданне таксама нагадвае, што ў I квартале 2022 года ў большасці краін Еўропы яшчэ дзейнічалі каранавірусныя абмежаванні і ўехаць туды было праблематычна.
Нагадаем, 24 лютага Расія пачала вайну супраць Украіны. На гэтым фоне сталі больш жорсткімі рэпрэсіі супраць нязгодных. За антываенныя выступы пагражае адказнасць. Акрамя таго, пачалі працаваць заходнія санкцыі, з расійскага рынку сышлі многія брэнды і кампаніі. Гэта ўсё магло стаць фактарамі, якія ўплывалі на рашэнне расіян пакінуць краіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.