З-за чаго прадпрымальнікі абвяшчаюць страйк?
Пастанова, якая дае адтэрміноўку на сертыфікацыю тавараў, не вырашае праблему і можа апынуцца нелегітымнай.
27 чэрвеня прадпрымальнікі абвяшчаюць аднадзённы страйк і не выйдуць на працу. А з 1 ліпеня яны пагражаюць перастаць плаціць падаткі.
Прычына ў абавязку сертыфікаваць тавары лёгкай прамысловасці. Прадпрымальнікам нібыта далі адтэрміноўку на год. Але гэта апынулася вельмі сумнеўным! Замест сертыфікатаў цяпер патрабуюць іншыя дакументы аб паходжанні тавара. А ІП, якія плацяць адзіны падатак, вызваленыя ад абавязку мець такія дакументы.
Пасля таго, як прадпрымальнікі баставалі ў Віцебску і Гродне, а мінскія заявілі пра намер сабрацца на форум, з'явілася пастанова, якая нібыта вырашыла праблему. Але начальнік аддзела дэпартамента тэхнічнага рэгламента Еўразійскай эканамічнай камісіі Андрэй Каласкоў вельмі здзіўляецца, калі чуе пра дакумент, які дае ІП адтэрміноўку. Аказваецца, што нават калі яе прымуць, яна будзе нелегітымнай. Бо існуе тэхрэгламент Мытнага саюза, які лічыцца важнейшым.
Што праўда, Андрэй Каласкоў кажа, што па новым тэхрэгламенце пастаўшчык і імпарцёр мусяць даваць прадпрымальнікам усё дакументы.
"Ніхто не кажа, што вы абавязаныя сертыфікаваць тавар ці дэклараваць яго. Калі вы закупляеце тавар, выпушчаны на тэрыторыі Мытнага саюза, вам павінен даць дакумент той, у каго вы закупляецеся. Калі гэтага няма, дык гэта не праблема тэхрэглемента. Гэта праблема выпуску ў абарачэнне кантрафактнай прадукцыі, якая не адпавядае заканадаўству".
Самі прадпрымальнікі кажуць, што закупляюцца ў Маскве на цэнтральных рынках, і там дакументаў ім ніхто не дае.
"Тавар мы закупляем у Расіі на асноўных вялікіх рынках. Раней гэта быў Чаркізаўскі, цяпер гэта Любліна, Садавод і многія іншыя. Нам там ніякіх сертыфікатаў, ніякіх дакументаў не даюць. Атрымоўваецца, што прадпрымальнік, які гэты тавар рэалізуе, а не вырабляе, павінен за свае грошы праводзіць сертыфікацыю. Сёння, каб правесці сертыфікацыю, трэба аддаць дзве адзінкі кожнага тавара і заплаціць 2 мільёны. А калі ў мяне 200 розных найменняў тавара, то мне за сертыфікацыю кожнага трэба плаціць", — абураецца прадпрымальнік з Мінска.
З іншага боку, калі па новых правілах усе вытворцы і пастаўшчыкі ў Мытным саюзе мусяць мець сертыфікаваны тавар, якім чынам прадпрымальнік можа набыць тавар без сертыфіката ў Маскве?
Справа ў тым, што расійскім вытворцам яшчэ год дазволілі працаваць па сваіх нацыянальных сертыфікатах. А расійскія пастаўшчыкі часта не робяць дакументы, бо працуюць па шэрых схемах.
"Там усё замарочана на мытні. Каб хутчэй прайшоў тавар там усё праплочваецца. Або прыйшла частка кантрафактна, таксама праплочваецца. Яны не хочуць легалізаваць сваю прадукцыю. У іх і так усё добра", — кажа Анатоль Змітровіч, дырэктар аналітычнага цэнтра Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва.
Аналітычны цэнтр правёў невялікае даследаванне. Апынулася, што ў Маскве толькі 5% гандляроў даюць дакументы. На прапанову правесці праверку на расійскіх рынках прадстаўнікі мытнай камісіі адказалі, што гэта не іх кампетэнцыя. Праверкі праводзяцца рэдка. Раз на 3 гады і пры вялікай патрэбе.
"ІП — апошняе звяно ў ланцугу закупкі тавару. І ў яго ўжо ўсё павінна быць. Як з'яўляецца тавар не сертыфікаваны і без дакументаў, гэта не тычыцца кампетэнцыі прадпрымальніка. Гэтым мусяць займацца іншыя органы", — дадае Анатоль Змітровіч.