Пуцін — у Ізраіль, Дуда — у Давос

Пуцін — у Ізраіль, Дуда — у Давос

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда не паедзе ў Ізраіль на Сусветны форум памяці Халакоста, пра гэта піша Gazeta Wyborcza са спасылкай на крыніцы, блізкія да польскага лідара. Пры гэтым афіцыйнай заявы польскага боку пакуль не было. Форум, прымеркаваны да 75-годдзя вызвалення канцлагера Аушвіц-Біркенаў, пройдзе ў Іерусаліме 22-23 студзеня.

Выданне звязвае рашэнне Дуды з тым, што адным з гасцей форума стане Уладзімір Пуцін. А, як вядома, расійскі прэзідэнт у снежні літаральна "напаў" на Польшчу, абвінаваціўшы яе "у адказнасці за развязванне Другой сусветнай вайны". Таксама Пуцін "прайшоўся" па польскіх палітыках, заявіўшы, што Польшча ўдзельнічала ў раздзеле Чэхаславакіі і назваўшы "сволаччу і антысяміцкай свіннёй" амбасадара Польшчы Юзэфа Ліпскага, які служыў у гітлераўскай Германіі. Маўляў, Ліпскі збіраўся паставіць у Варшаве помнік Гітлеру за ідэю пра высылку габрэяў у Афрыку. 

Польшча ў сваю чаргу абвінаваціла Расію ў гістарычнай ілжы. Напрыканцы снежня ў Варшаве адбылася сустрэча на вышэйшым узроўні, на якой абмяркоўваліся спосабы рэагавання на дзеянні Расіі. Не было выключана, што Дуда звернецца з адпаведнай заявай на форуме ў Ізраілі, аднак, як вядома, асноўнымі выступоўцамі на мерапрыемстве стануць прэзідэнты Ізраіля і Расіі. Да таго ж арганізатар івенту — ізраільскае МЗС, а яго кіраўнік, Ізраіль Кац, праславіўся год таму заявай, што "палякі ўсмоктваюць антысемітызм з малаком маці". Таму Анджэй Дуда вырашыў увогуле замест Ізраіля паехаць у.. Давос на Сусветны эканамічны форум. Прынамсі, гэты візіт унесены ў каляндар паездак кіраўніка Польшчы.

Апроч Пуціна на форум таксама збіраюцца лідары Германіі, Францыі і Італіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі