За 20 гадоў школьнікаў, якія вучацца па-беларуску, стала менш у 4 разы
У 1995 годзе на беларускай мове вучылася 536 тысяч школьнікаў, у 2014 — 135 тысяч.
Пасля рэферэндуму 1995 года, які надаў рускай мове статус другой дзяржаўнай, колькасць вучняў, якія вучацца на беларускай мове, зменшылася з 536 тысяч да 135 тысяч. 20 гадоў таму на роднай мове навучалася 35% усіх школьнікаў, паведамляе Белстат.
У 2014-м па-беларуску вучылася 15% школьнікаў. Зменшылася і агульная колькасць вучняў: з 1,5 мільёна ў 1995 да 930 тысяч у 2014 годзе.
Рэферэндум 1995 года ставіў 4 пытанні, апошняе з якіх насіла рэкамендацыйны характар. Гучалі яны так:
1. Ці згодныя Вы з наданнем рускай мове аднолькавага статусу з беларускай?
2. Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?
3. Ці падтрымліваеце Вы дзеянні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Федэрацыяй?
4. Ці згодныя Вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага ці грубага парушэння Канстытуцыі?
За наданне рускай мове статуса другой дзяржаўнай мовы 20 гадоў таму выказаліся 83,3%, супраць — 12,7%.
Фота: 24smi.com