За 4 месяцы ў Гомель па прышчэпку ад COVID-19 прыехала каля 200 замежнікаў
Наталлі Бяляевай з Украіны робяць прышчэпку "Спутником V" / sb.by
Каля 200 замежных грамадзян вакцынавалі ў Гомелі ў спецыяльна створаным пункце для вакцынацыі замежнікаў. Пункт арганізавалі пасля ліпеньскага ўказа Аляксандра Лукашэнкі. Дакумент дазваляў бязвізавы ўезд на пяць дзён для замежных грамадзян, якія хочуць вакцынавацца ад COVID-19. Гэтай паслугай могуць скарыстацца грамадзяне 73-х краін.
Большасць з прышчэпленых у Гомелі замежнікаў — украінцы, расказвае sb.by, "але ёсць пацыенты з Германіі і Італіі". Усяго платнай вакцынацыяй скарысталіся 205 замежных грамадзян. 95 з іх ужо атрымалі абодва кампаненты.
Адна з тых, хто вырашыў прышчапіцца ў Беларусі, — Наталля Бяляева з украінскага горада Белая Царква. Па яе словах, яна не давярае заходнім вакцынам, якія ёсць ва Украіне. Больш давярае "Спутнику V", таму і прыехала.
Прышчэпка ў Беларусі для замежнікаў каштуе 140 беларускіх рублёў. У гэтую суму ўваходзяць абодва кампаненты і сертыфікат.
Характэрна, што пакуль некаторыя ўкраінцы едуць па прышчэпку ў Беларусь, беларусы едуць ва Украіну, каб прышчапіцца заходнімі вакцынамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.