За двор без кветак штрафаваць не будуць
Таварыства ўласнікаў і жыллёва-будаўнічыя кааператывы нечакана атрымалі лісты з патрабаваннем кветкавага афармлення. Спасылаючыся на Закон Беларусі "Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні", мясцовыя ўлады патрабуюць пісьмова праінфармаваць пра закупку і высадку кветак да 19 чэрвеня. Пры невыкананні без уважлівай прычыны пагражаюць штрафам.
Прадстаўнік "Зелянбуду" Галіна Лаўрова супакойвае: маўляў, ніякага прыцягнення да адказнасці не будзе:
"Калі ў вас усё добра, тэрыторыя не запушчаная, то ніхто не пакарае, не патрэбная ніякая кансультацыя і не трэба марнаваць грошы".
За кошт якіх сродкаў павінныя добраўпарадкоўвацца прылеглыя тэрыторыі і чаму гэтым не можа заняцца "Зелянбуд"?
"Зелянбуд": "За кошт уласных сродкаў усе арганізацыі, прадпрыемствы і таварыствы. Мы ў гэтым не ўдзельнічаем. Але калі ў вас няма сродкаў наняць прафесіянала, вы можаце накіраваць пісьмовы запыт у нашае галоўнае аддзяленне, і, калі ў нас будзе магчымасць і сродкі, мы зробім праект".
На сайце "Зелянбуду" нават ёсць арыенціровачны кошт такіх паслуг. "Стварэнне кветніка з дадаваннем расліннага грунту" каштуе каля 80 рублёў за квадратны метр, а "Пасадка хмызнякоў з дадаваннем расліннага грунту" — 23 рублі за куст.