За "Дзяды" Юрась Беленькі аштрафаваны на 3 мільёны рублёў
Сам палітык лічыць абвінавачанні беспадстаўнымі.
Намесніка старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрася Беленькага прызналі вінаватым у парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. Гаворка ідзе пра дзве вулічныя акцыі ў Мінску — шэсце ў Курапаты 2 лістапада і жалобны мітынг у Лошыцы 9 лістапада.
Як паведамляе Радыё "Свабода", Беленькі мусіць выплаціць 3 мільёны рублёў (20 базавых велічыняў).
Пасля акцыяў на палітыка склалі тры пратаколы за тое, што ён як адказны за правядзенне гэтых вулічных акцыяў не ўзгадніў з міліцыяй захады бяспекі. Сам Беленькі заяўляе, што пратаколы былі складзеныя беспадстаўна. Ён лічыць, што падчас дзядоўскіх акцыяў не было і намёку на нейкія парушэнні.