За год кошт нафты для беларускіх НПЗ вырас на 34%

Белнафтахім / neftegaz.ru
Белнафтахім / neftegaz.ru

У параўнанні са снежнем 2018 года кошт нафты для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў павялічыўся на 34% з-за росту катыровак на нафту і падатковага манеўру ў нафтавай прамысловасці Расійскай Федэрацыі.

Намеснік старшыні канцэрна "Белнафтахім" Андрэй Бунакоў расказаў, што ў снежні 2019 года яны плацяць каля $ 66,3 за барэль. У асобныя пікавыя моманты кошт дасягае ўжо $ 69.

"З улікам росту больш чым на 15% катыровак нафты, негатыўнага ўплыву падатковага манеўру і выкліканых гэтым ваганняў курсу беларускага рубля кошт сыравіны, якая пастаўляецца на беларускія НПЗ ўзрос. У выніку зніжаецца эфектыўнасць нафтаперапрацоўкі, бо ў сабекошце нафтапрадуктаў каля 90% займае нафта і іншыя рэсурсы, якія набываюцца за валюту", —  расказаў у інтэрв'ю часопісу "Веснік Белнафтахіма" Андрэй Бунакоў.

Таксама ён адзначыў, што краіны-ўдзельніцы Арганізацыі краін-экспарцёраў нафты (АПЕК) абавязаліся скараціць нафтаздабычу агулам на 1,2 млн. барэляў у суткі:

"Скарачэнне прапановы заўсёды вядзе да росту коштаў на нафту. Усе гэтыя фактары могуць прывесці да росту катыровак, якія перавысяць 80 долараў за барэль", — прагназуе Андрэй Бунакоў.

Зараз Беларусь і Расія вядуць перамовы аб кошце на нафту і газ на 2020 год. Адно з вострых пытанняў перамоў — падатковы манеўр у расійскай нафтавай галіне. Беларусь патрабуе кампенсацыі страт, а Расія ў адказ прапануе паглыбіць інтэграцыю ў рамках Саюзнай дзяржавы.

Міністэрства фінансаў падлічыла, што беларускі бюджэт ад рэалізацыі падатковага манеўру з 2019 па 2020 будзе штогод губляць каля $ 400 мільёнаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі