За катаванне 9-гадовага сына на брастаўчаніна пачалі крымінальную справу
Пракуратура Брэста пачала крымінальную справу на 36-гадовага мужчыну, які катаваў свайго сына-школьніка. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавяла памочнік пракурора Алена Шарко.
У сакавіку нецвярозы мужчына пачаў дакараць дзевяцігадовага сына за нявывучаныя ўрокі. Бацька стаў біць яго рукамі па галаве, а калі хлопчык паваліўся — і нагамі. Агулам мужчына нанёс сыну не менш за 17 удараў па розных частках цела. Маці, калі вярнулася дадому і пабачыла гэта, не стала звяртацца ў міліцыю.
На наступны дзень пабоі хлопчыка заўважыла яго цётка і паведаміла праваахоўнікам. Тыя прыйшлі з праверкай. Аднак маці школьніка адмовілася прыцягваць мужа да адказнасці за катаванне дзіцяці. Пасля гэтага ў красавіку мужчына яшчэ тройчы збіваў сына.
Пракуратура вырашыла пачаць на бацьку крымінальную справу — для абароны законных інтарэсаў і правоў непаўнагадовага дзіцяці, якое знаходзіцца ў залежным становішчы ад бацькі. Папярэднім расследаваннем зоймецца Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта.