За "Магніт Мінска" іранцы расплацяцца новым будынкам Вярхоўнага суда
Аляксандр Лукашэнка падоўжыў іранскай кампаніі "Кейсан" тэрміны будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу ў раёне Нацыянальнай бібліятэкі.
Гэта вынікае з указа прэзідэнта № 288 ад 20 чэрвеня, піша tut.by.
У 2009 годзе Лукашэнка зацвердзіў для беларускай "дочкі" "Кейсан" кампаніі "Белпарс" умовы будаўніцтва комплексу на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Каліноўскага. Там маюць пабудаваць бізнэс-комплекс класа "А", пяцізоркавы гатэль, падземную аўтастаянку, гандлёвы цэнтр, супермаркет, забаўляльны цэнтр, лядовы каток, кінатэатр, спартыўна-аздараўленчы цэнтр, фуд-корт і індывідуальную крыніца цеплазабеспячэння. Завяршыць аб'ект, які атрымаў назву "Магніт Мінска", планавалася да канца 2013 года. Аднак санкцыі Захаду супраць Ірана і шэраг іншых фактараў не дазволілі праекту рэалізавацца ў прызначаны тэрмін.
Нядаўна Лукашэнка сваім указам перасунуў тэрміны заканчэння будаўніцтва комплексу на 2016 год. Кіраўнік дзяржавы дазволіў "замоўцу самастойна ажыццяўляць функцыі забудоўшчыка". Аднак за гэта "Кейсан" павінен прадаставіць Беларусі да канца 2014 года 2 млн долараў "для фінансавання праектавання і будаўніцтва новага будынка Вярхоўнага Cуда". Ва ўказе гаворыцца, што замоўца мае права адносіць названыя грашовыя сродкі на затраты па будаўніцтве комплексу.
Фота — tut.by