За Марш студэнтаў у Мінску аштрафавалі Глеба Вайкуля

За Марш студэнтаў у Мінску аштрафавалі Глеба Вайкуля

У Маскоўскім судзе Мінска 30 снежня прайшоў адміністрацыйны працэс над  студэнтам другога курса філфака БДУ Глебам Вайкулем. Яго судзілі за ўдзел у Маршы студэнтаў, які адбыўся 2 снежня.

Працэс вёў суддзя Максім Сушко. Вайкуль на судзе сваёй віны не прызнае. Хлопец кажа, што проста ішоў ва ўніверсітэт. Міліцыянты напісалі ў пратаколе, што студэнт размахваў бел-чырвона-белай стужкай. Аднак Вайкуль паказаў суддзі здымак са свайго тэлефона: на ім відаць, што стужка прышытая да яго заплечніка, таму ёй размахваць немагчыма.

Як паведамляла Еўрарадыё, працягваюцца суды над удзельнікамі Марша студэнтаў. Гэты пратэст пачаўся з незадаволеннасці платнымі пераздачамі ў БДУ і скончыўся Маршам студэнтаў з патрабаваннем рэальнага самакіравання і ўдзеле у прыняцці рашэнняў. Марш сабраў некалькі дзясяткаў студэнтаў.

"Хацелася б уплыву на адукацыйны працэс. У нас старыя савецкія праграмы. Калі студэнты будуць размаўляць пра гэта на роўных з адміністрацыяй, будзе лепш", — распавядае палдчас маршу студэнтка магістратуры Алена.

Менш, чым праз месяц над удзельнікамі марша пачаліся суды. Першым пакаралі актывіста Паўла Сяргея, яму далі штраф у 4,5 мільёны. Але студэнты вырашылі сабраць грошы на штраф, распавядае адзін з актывістаў Яўген Амялькоў:

“Ён не павінен у гэты час быць адзін, адчуваць, што яго пакаралі і ўсе ад яго адвярнуліся і ніхто яму не дапаможа. Не, безумоўна, мы будзем ахвяраваць грошы і заклікаць да гэтага астатніх. Магчыма, звернемся па дапамогу да нейкіх моладзевых арганізацый, да студэнтаў звычайных. Карацей, збор сродкаў будзе, паспрабуем сабраць усю неабходную суму”.

Пазней у суд выклікалі студэнта БДУ Глеба Вайкуля. Яго, як і Паўла Сяргея звінавацілі ў парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. Бо марш студэнтаў не санкцыянаваны уладамі. Паказальна, што яго выклікалі ў суд 30 снежня, у дзень калі ён запісаўся на прыём да рэктара, каб абмеркаваць канфлікт адміністрацыі і студэнтаў.

"Гэта дзіўна. Мне інкрымінуюць, што я парушыў парадак правядзення масавых мерапрыемстваў, бо я размахваў бел-чырвона-белай стужкай. А на маршы на мяне пачалі складаць пратакол, калі я пачаў выкрыкваць "Рэктар, выходзь!".

У выніку яму прысудзілі штраф у 3 млн 240 тысяч рублёў (18 базавых велічыняў).

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі