За начныя гонкі па Гомелі на мужчыну склалі 21 пратакол
За начныя гонкі па Гомелі на мужчыну склалі 21 адміністрацыйны пратакол. Як паведаміла БЕЛТА інспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама Наталля Халалеенка, здарэнне адбылося ўначы 28 студзеня. Супрацоўнікі ДПС звярнулі ўвагу на легкавік, які віляў з боку ў бок. Кіроўца адмовіўся спыніцца, павялічыў хуткасць.
Гонка працягвалася 15 хвілін. Кіроўца выязджаў на сустрэчную паласу, ехаў на чырвонае святло. Экіпаж ДПС выклікаў дапамогу. Спыніць аўтамабіль удалося з дапамогай спецсродка "Ліяна". Пры затрыманні мужчына аказаў супраціўленне, пасля чаго на рукі яму наклалі кайданкі.
Высветлілася, што зламысніку 42 гады. Раней яго 50 разоў прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху. Да таго ж у мужчыны няма права на кіраванне транспартным сродкам. Ён быў у стане алкагольнага ап'янення. Машына знаходзіцца на штрафстаянцы, кіроўцу пагражае штраф у памеры 4600 рублёў.