За няяўку на "дармаедскую" камісію пагражаюць штрафам або арыштам

Антыдармаедскі марш 2017 года, архіўнае фота / Еўрарадыё
За няяўку на пасяджэнне "дармаедскай" камісіі пагражае адміністрацыйная адказнасць — ад штрафу да арышту. Пра гэта заявілі ў брэсцкай міліцыі.
Як паведамлялася раней, сёлета сілавікі пачалі рэйды па адрасах людзей, якія лічацца не занятымі ў эканоміцы. Найперш, як заяўлялася, гэта закранае тых, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, хто "раней трапляў у поле зроку міліцыі".
У брэсцкай міліцыі кажуць, што спрабуюць прыцягнуць да працы тых, хто вядзе асацыяльны лад жыцця і стаіць на ўліку, а таксама тых, хто раней прыцягваўся да адказнасці за правапарушэнні ў нецвярозым стане. Акрамя таго пад кантроль міліцыі трапілі тыя, хто парушаў грамадскі парадак.
"Так, у рамках прафілактычных мерапрыемстваў, а таксама з мэтай уцягвання вышэйзгаданых грамадзян у працоўную дзейнасць супрацоўнікі міліцыі аказваюць садзейнічанне ў яўцы грамадзян у пастаянна дзеючую камісію па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтву", — заявіла ўчастковы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі АУС адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста, лейтэнант міліцыі Паліна Кадзенская.
Яна спаслалася на артыкул 24.3 КоАП "непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы дзяржаўнага органа (арганізацыі) пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў асобай, не падпарадкаванай яму па службе". Гэты артыкул прадугледжвае штраф ад двух да ста базавых велічынь (ад 84 да 4200 рублёў), або грамадскія працы, або адміністрацыйны арышт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.