За паўмесяца грэчка ды бананы падаражэлі на 30%

Да Новага года Міністэрства гандлю забараняе падымаць цэны на ўсё пад пагрозай закрыцця крамаў. Мараторый спачатку дзейнічае да 15 студзеня, а пасля аб’яўляецца бестэрміновым. Аднак 3 лютага Мінгандлю разам з Міністэрствам эканомікі выдалі пастанову і патлумачылі, як імпарцёры могуць павышаць цэны.

Вынікі апытанкі сярод нашых чытачоў з сацыяльных сетак. Што падаражэла ў крамах?

Простыя пакупнікі без папярэджання пачалі закупляцца грэчкай, алеем, рысам і цукрам. Прычым адбылося гэта, як толькі пачаў падаць беларускі рубель.

“Упакоўкамі бралі цукар, набывалі па 20 пакетаў, грэчку, рыс, алей таксама. А цяпер ніхто і не бярэ”, — кажа прадаўшчыца Таццяна з Еўраопта, што на вуліцы Несцерава. Паліцы сапраўды пустыя!

Грэчкі і рысу засталіся лічаныя пакеты. Гэтыя крупы падаражэлі: да прыкладу, пакет 700-800 грамаў каштаваў 9950 — 12000 рублёў (на 25 снежня 2014 года — заўвага Еўрарадыё), а на 2 лютага цэны выраслі на 30% — да 13-15 тысяч рублёў за тыя ж 700 грамаў грэчкі. Алей “Залатая семачка” менш чым за тыдзень таксама вырас у цане з 16500 да 18900 за літр (падаражанне склала 22%).

Вырасла ў цане таксама мука беларускай вытворчасці. 2 кілаграмы лідскай мукі найвышэйшага гатунку прывезлі па цане 19900 рублёў. Гэта на 25% даражэй, чым 25 студзеня.

Адно радуе, што малочная ды мясная прадукцыя пакуль што па ранейшых цэнах і не даражэе.

Кіруюся ва ўнівермаг “Цэнтральны”: прадаўцоў, якія б перапісвалі цэннікі, не бачу, але тут цэны ўжо выраслі: набор падаражэлых прадуктаў той самы — грэчка, алей, рыс. Найбольш тут падаражэў алей — да 20-23 тысяч за 900 грамаў!

Моцна падаражэла садавіна і гародніна: да прыкладу, калі бананы каштавалі тут у сярэдзіне студзеня 15-16 тысяч рублёў, дык цяпер — 25 000 рублёў. У іншых крамах на пытанне, што ў іх падаражэла, першае, што называюць, — бананы.

Іх цана вагаецца: за кіло просяць 20-25 тысяч рублёў. Калі за 2014 год бананы, паводле афіцыйнай статыстыкі, падаражэлі толькі на 0,2%, то за першы месяц 2015-га яны выраслі ў цане на 28%!

Самыя танныя польскія яблыкі каштуюць каля 13000 рублёў, перац — 83 000 рублёў.

Пакупнікі і карыстальнікі сацсетак пішуць, што выраслі ў цане таксама прэзерватывы, гарбата, кава, піва.

Загадчыца крамы “Суседзі” Святлана, што на вуліцы Прытыцкага ў Мінску, кажа, што падаражанне ўжо адбылося.

“Прыкладна на 20-30% па некаторых пазіцыях падаражэлі прадукты. Гэта збольшага прывазныя, імпартныя прадукты. Беларускае засталося па старых цэнах. А вось піва сёння акурат прыедзе — будзе па новых цэнах. Але не скажу, па якіх, бо яшчэ не бачыла накладныя”, — дадае Святлана.

У кампаніі “Фруктэст”, якая пастаўляе ў Беларусь агуркі, памідоры, бананы, заўважаюць, што падаражанне ў 30% ужо адбылося.

“Ужо тыдзень, як цэны выраслі ў нас прыкладна на 30%. Усталявалася, як мы бачым, добрая здаровая канкурэнцыя. І нават таннее недзе садавіна, бо ні ў кога няма зацікаўленасці прывозіць дарагую. Паліцы напаўняюцца паступова. Цяпер мы зацікаўленыя закупляць добрую садавіну і па добрых цэнах, бо мы разумеем, што людзі збяднелі”, — кажуць у кампаніі. Тут заўважаюць, што далейшага павышэння цэнаў, калі не здарыцца нешта ахавае, чакаць не варта. Даражэць прадукты будуць, але не маланкава, а паступова.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі