За смяротнае ДТЗ пад Барысавам расійскага блогера пакаралі штрафам

За смяротнае ДТЗ пад Барысавам расійскага блогера пакаралі штрафам

30 ліпеня расійскі блогер Ілля Рубцоў збіў 26-гадовага хлопца на трасе Мінск—Масква. Следства цягнулася некалькі месяцаў і прыйшло да высновы, што аварыйную абстаноўку стварыў п’яны пешаход, які трапіў пад колы расіяніну. Рубцова вызвалілі ад крымінальнай адказнасці за адсутнасцю складу злачынства і толькі аштрафавалі за перавышэнне хуткасці.

“Мужчына, які знаходзіўся ў стане моцнай ступені алкагольнага ап'янення (паводле судова-хімічнага даследавання выяўлена 3,6 праміле алкаголю), выйшаў на праезную частку, не пераканаўшыся ў бяспецы, — распавядае Еўрарадыё афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта па Мінскай вобласці Таццяна Беланог. — Ён не быў абазначаны святлоадбівальнымі элементамі ў цёмны час сутак, тым самым стварыўшы аварыйную абстаноўку на праезнай частцы”.

ДТЗ са смяротным зыходам адбылося 30 ліпеня мінулага года ў Барысаўскім раёне. Па факце здарэння праводзіліся трасалагічная экспертыза і пяць аўтатэхнічных экспертыз, некалькі следчых эксперыментаў. Перад адным з іх, калі трэба было ехаць з закрытым спідометрам, Рубцоў праз Facebook спрабаваў знайсці такі ж аўтамабіль, як Renault Sandero, на якім ён трапіў у аварыю. Аўто было патрэбнае, каб патрэніравацца і пасля даказаць на следчым эксперыменце сваю невінаватасць. Калі пра гэта пачалі пісаць СМІ, Рубцоў выдаліў пост.

За смяротнае ДТЗ пад Барысавам расійскага блогера пакаралі штрафам

У выніку разбіральніцтва следчыя прыйшлі да высновы, што кіроўца не меў магчымасці прадухіліць наезд на пешахода. У дзеяннях Іллі Рубцова следчыя не ўгледзелі падстаў для прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Блогера пакаралі штрафам за перавышэнне хуткасці, які ён ужо аплаціў. А за спробу знайсці аўтамабіль, каб падмануць беларускіх следчых, Рубцова ўвогуле ніяк не пакаралі.

За смяротнае ДТЗ пад Барысавам расійскага блогера пакаралі штрафам
Фота: УДКСЭ Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці​

У лютым 2016 года падобнае ДТЗ адбылося ў Брэсце. Аксана К. (прозвішча ёсць у рэдакцыі Еўрарадыё) на скрыжаванні збіла пешахода, які пераходзіў дарогу ў непрызначаным месцы. Па заключэнні судова-медыцынскай экспертызы, мужчына быў нападпітку. Але кіроўцу, шматдзетную маці, асудзілі на чатыры гады абмежавання волі, нават нягледзячы на тое, што перад ДТЗ яна мела большы за дзесяць гадоў стажу кіравання аўтамабілем без парушэнняў.

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Петарда" 10.01:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі