За забойства бізнэсоўца ў Беразіне аднаго з абвінавачаных асудзілі пажыццёва

За забойства бізнэсоўца ў Беразіне аднаго з абвінавачаных асудзілі пажыццёва

На пажыццёвае зняволенне асуджаны адзін з абвінавачаных па справе аб забойстве бізнэсмэна ў Беразіне — Аляксей Сінькевіч. Пра гэта інфармуе БЕЛТА.

Працэс па гучнай крымінальнай справе праходзіў у Мінскім абласным судзе.

Аляксея Сінькевіча прызналі вінаватым у забойстве, вымагальніцтве, наўмысным знішчэнні маёмасці, учыненым агульнанебяспечным спосабам, што пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры, а таксама ў незаконным набыцці, захоўванні, нашэнні і перавозцы агнястрэльнай зброі. Яму прысудзілі пажыццёвае зняволенне ў калоніі асаблівага рэжыму. Таксама з яго спагнана 30 тысяч рублёў як кампенсацыю маральнай шкоды жонцы забітага.

Другога абвінавачанага, Расціслава Светчыкава, прызналі вінаватым у вымагальніцтве. Яму прысудзілі 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 

Паводле матэрыялаў следства, у жніўні 2016 года менеджар Аляксей Касяк звярнуўся праз свайго кіроўцу Расціслава Светчыкава да Аляксея Сінькевіча. Ён паведаміў, што бізнэсовец Сяргей Мяцельскі завінаваціўся яму 440 тысяч долараў. Гэтую пазыку ён папрасіў выбіць Сінькевіча. Той нібыта пагадзіўся і ўзяў перадаплату за свае паслугі — 20 тысяч долараў. Потым ён некалькі разоў разам са Светчыкавым пагражаў Мяцельскаму, патрабуючы ад яго грошы. У дзень забойства Сінькевіч і Светчыкаў прыехалі ў Беразіно. Пакуль Светчыкаў чакаў прыяцеля на стаянцы, той сеў у машыну з Мяцельскім. Разам яны выехалі з горада, і Сінькевіч застрэліў бізнэсоўца з абрэза, а потым падпаліў яго аўтамабіль, каб схаваць сляды злачынства.

Сінькевіч ў судзе не прызнаў віну ні па адным з абвінавачванняў. Ён заявіў, што напісаў яўку з павіннай, бо за гэта яму абяцалі зменшыць тэрмін па іншым злачынстве. 

Светчыкаў цалкам прызнаў сваю віну і заявіў, што раскайваецца ў зробленым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі