Забарону на наведванне лясоў здымуць, калі дажджы пройдуць па ўсёй краіне
А пакуль лес працягнуць патруляваць мабільныя групы і штрафаваць парушальнікаў.
Міністэрства лясной гаспадаркі чакае, пакуль дажджы пройдуць па ўсёй тэрыторыі Беларусі, а пасля будзе разглядаць пытанне аб зняцці забароны на наведванне лясоў. У прэс-службе ведамства Еўрарадыё паведамілі, што небяспека ўзгаранняў захоўваецца. Асабліва пажаранебяспечнымі застаюцца раёны Гомельскай вобласці.
Мінлясгас: “Як толькі па ўсёй тэрыторыі Беларусі пройдуць дажджы, забарона будзе знятая. Выканкамы самі вырашаць і дашлюць неабходныя паперы ў лясніцтвы”.
У Мінлясгасе заўважаюць, што лес па-ранейшаму будуць патруляваць мабільныя групы, і рэкамендуюць удакладняць інфармацыю аб забароне наведвання лесу канкрэтна ў мясцовым лясніцтве.
Нагадаем, забарона на наведванне лясоў з’явілася ў пачатку мінулага тыдня, 5 жніўня. Тады Міністэрства лясной гаспадаркі даслала адпаведныя рэкамендацыі ў мясцовыя выканкамы. На мінулых выхадных, МНС склала каля 3000 пратаколаў за парушэнне пажарнай бяспекі ў лесе. Максімальны штраф — 7,5 мільёнаў рублёў.