“Зафіксуйце курс! Я хачу перавесці ўклад у долары!”
Еўрарадыё прайшло па абменніках. У адным на продаж тут і цяпер знайшлі 1000 долараў, у другім прадалі апошнія 100 долараў.
“У нас ёсць абавязкі перад насельніцтвам, і мы павінныя іх выконваць, што, як мне дакладаюць урад і Нацбанк, і робіцца”, — кажа Лукашэнка на нарадзе па эканамічных пытаннях. І папярэджвае: калі народзец будзе бегаць па абменніках — крыўдаваць на кіраўніка дзяржавы будзе бессэнсоўна.
Але людзі, якія стаяць у абменніках з самага ранку, гэтага выказвання кіраўніка дзяржавы не чулі. І нервуюцца.
“Па валюту, канечне, стаім”, — кажа мне жанчына ў абменніку “Белаграпрамбанка”, што на вуліцы Карла Маркса.
“Зафіксуйце курс! За колькі вы гэта можаце зрабіць? 10 хвілін? Я хачу перавесці рублі ў долары!” — спрабуе стрымлівацца мужчына ў гэтым жа абменніку — ён то ўстае з крэсла, то некаму тэлефануе, то садзіцца зноў. Касірка занятая яшчэ адной кліенткай — тая хоча перавесці рублёвы ўклад у валютны. Касірка і мяне папярэджвае: калі я таксама хачу зняць уклад, на вялікую суму валюту давядзецца заказваць.
“У мяне ёсць тысяча, але я не гарантую, што калі вы прыйдзеце, яны будуць — сёння неяк вельмі актыўна набываюць валюту людзі”, — кажуць мне касіркі ў “Беларусбанку” ля гандлёвага цэнтра “Беларусь”. І раяць пахадзіць па абменніках, каб назбіраць большую суму.
Касірка “Ідэябанка” ў гандлёвым цэнтры “Карона” кажа, што знойдзе і тры тысячы долараў, і нават чатыры, але таксама мяне падганяе, каб ішла па валюту цяпер: вечарам грошай мо і не будзе.
Чэргі стаяць і ў абменніку “Беларусбанка” на вуліцы Карла Маркса, у “Тэхнабанку”, у абменніках гандлёвага цэнтра “Сталіца”.
“Усе тут па долары. Памяняю, няхай лепш ляжаць у валюце, не хочацца паўтарэння сітуацыі другога студзеня”, — чамусьці ціха-ціха кажа мне жанчына ў чарзе. У гэтай чарзе людзі спакойныя, але нервова глядзяць на мяне, калі я прасоўваюся да касіркі.
“Я не па валюту”, — супакойваю чаргу. Тут долар прадаюць за 11340 рублёў. Дзяўчына стаіць ля закрытага акенца з пачкам грошай — чакае, калі скончыцца перапынак.
“Мне 100 долараў”, — замаўляе дзяўчына, калі акенца адчыняецца. Але касірка адпраўляе яе ў іншую касу — у яе няма ніводнага цэнта.
У ГУМе стаіць чарга са сваіх жа супрацоўнікаў. У руках пачкі “двухсотак”, да акенца касіркі не прапхнуцца. Але знянацку натоўп разбягаецца — касірка папярэдзіла, што прадае апошнія 100 долараў. Сказала, што калі нехта здасць цягам дня — долары можна будзе набыць яшчэ.
“Вы, пэўна, любіце гуляць у рускую рулетку, калі ўсё яшчэ трымаеце грошы не ў цвёрдай валюце”, — заўважае эканаміст Яраслаў Раманчук.
Дарэчы, абмяняўшы сотню долараў у аўторак па курсе 11040, ужо можна выйграць на кожным долары каля 160 рублёў.
Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” Вадзім Іосуб спрабуе супакойваць: калі няма таблічкі з надпісам “Валюты няма”, панікаваць рана.
“Гэта можа быць стандартны адказ у абменніку, каб прывабіць кліентаў, — кажа фінансавы аналітык. Але рэкамендуе праводзіць плаўную дэвальвацыю. — Рэзкая дэвальвацыя прывядзе да таго, што людзі адразу збяднеюць. А таксама надоўга перастануць давяраць нацыянальнай валюце і ўкладам у беларускіх рублях”.
У той час у абменніках максімальны курс дарос на момант публікацыі да 11600 — па такім курсе прадаюць грошы ў “Дэльтабанку”. У Нацбанка курс на таргах вырас зранку ўсяго на 10 рублёў.