Загадчыца мазырскага дзіцячага садка адмаўляе "паборы на рамонт труб"
Скарга ад "бацькоў, якіх не існуе" / тэлеграм
У рэдакцыю Еўрарадыё трапіў ліст, у якім сцвярджаецца, што ў мазырскім дзіцячым садку №21 бацькоў просяць скінуцца грашыма на рамонт труб: маўляў, грошай у бюджэце няма. Еўрарадыё датэлефанавалася загадчыцы садка Марыі Траццяк. Яна кажа, што грошы ў садку сапраўды збіраюць. Але не на трубы.
— У нас існуе дабрачынны рахунак. На гэты дабрачынны рахунак мы збіраем сродкі папячыцельскім саветам — у яго ўваходзяць сябры бацькоўскага камітэта, бацькоўскі актыў груп. Папячыцельскі савет вырашае, на што канкрэтна будуць выдаткаваныя сродкі. Збіраем гэтыя грошы на добраахвотнай аснове, — расказвае загадчыца. Па яе словах, грошай на рахунку няшмат: "Мы ж не можам прымусіць кожнага з бацькоў, гэта яго сумленне, яго рашэнне".
Дык а што з трубамі? Загадчыца лічыць, што прэтэнзія неабгрунтаваная: пісалі яе бацькі, якіх... не існуе!
— Гэта была скарга аднаго з бацькоў, які, не існуючы ў дашкольнай установе, напісаў, што трэба з гэтых грошай адлічыць і зрабіць трубы. На гэты ліст выязджаў аддзел адукацыі, выязджаў выканкам, правяралі трубы. На цяперашні момант праводзіцца расследаванне, і такіх бацькоў, і дзіцяці з гэтым прозвішчам у дашкольнай установе не існуе.
Зрэшты, прозвішча "бацькоў, якіх не існуе" загадчыца нам не паведамляе.
— Там адна з труб, якая ішла на гідрант, дала цечу. Гаворка ідзе, прабачце, пра кавалак трубы даўжынёй паўметра. Ніхто з бацькоў на рамонт гэтых труб не збірае, — сцвярджае ў размове з Еўрарадыё намеснік начальніка аддзела адукацыі Мазырскага райвыканкама Уладзімір Ткач. — На аварыйныя, планавыя рамонты, якія здараюцца ва ўстановах, выклікаецца аварыйная служба, якая робіць рамонт. Гэта ўсё прадугледжана ў бюджэце.
Аднак яшчэ ў адным лісце, які трапіў да Еўрарадыё і пад якім стаіць подпіс Уладзіміра Ткача, грошы, атрыманыя ўстановай адукацыі ад аказання дадатковых паслуг [гурткі. — Еўрарадыё], аддзел адукацыі пераканаўча просіць "накіраваць на падрыхтоўку ўстаноў да новага навучальнага года і ацяпляльнага сезона". Прычына — "адсутнасць фінансавання на набыццё абсталявання і бягучыя рамонты"! А ці сапраўды "ўсё прадугледжана ў бюджэце"?
— У мэтах падрыхтоўкі ўстаноў да новага навучальнага года рэкамендавана пазабюджэтныя сродкі, якія зарабляюць самі ўстановы, часткова накіроўваць на падрыхтоўку да новага навучальнага года, — пацвярджае сапраўднасць ліста Уладзімір Ткач. Неабходнасць аддаваць заробленыя ўстановамі грошы на рамонт і падрыхтоўку да ацяпляльнага сезона чыноўнік тлумачыць тым, што пакуль яшчэ не зацверджаны дадатковы каштарыс:
— На пачатак каляндарнага года зацвярджаецца каштарыс расходаў. На набыццё тэхналагічнага абсталявання, на падрыхтоўку да новага навучальнага года кожны год прадугледжваецца яшчэ дадатковае выдзяленне грашовых сродкаў. І як правіла, гэта ўжо ідзе ў летні перыяд. А пакуль прадугледжаны толькі тыя сродкі, якія ўжо распісаны па артыкулах і параграфах.
Па словах Уладзіміра Ткача, "усе грашовыя сродкі, якія паступаюць ад бацькоў, паступаюць толькі на добраахвотнай аснове, а набыццё ўсяго абсталявання ідзе толькі за бюджэтныя грошы". Але на што тады бацькі збіраюць грошы? Проста так?
— У большасці сваёй грашовыя сродкі ад бацькоў ідуць на патрэбы ўстановы. Гэта можа быць гульнявы матэрыял. Ведаю па 21-м садзе, дык там на гэтыя сродкі набывалі бактэрыцыдную лямпу. Могуць гэтыя сродкі накіраваць на правядзенне нейкіх рамонтных работ, на набыццё будаўнічых матэрыялаў.
Значыць, усё-ткі збіраюць грошы на "будаўнічыя матэрыялы". Але Уладзімір Ткач кажа, што гэта ўжо ініцыятыва ад бацькоў. "Я, умоўна, хачу сёння нешта пафарбаваць. А можна гэта і не фарбаваць", — кажа чыноўнік.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.