"Загналі сябе ў супярэчнасці": Нацбанк не вырашыў, як быць з ключавой стаўкай
Стаўка рэфінансавання трымаецца на ўзроўні 7,75% з ліпеня мінулага года
Праўленне Нацыянальнага банка адклала прыняцце рашэння па стаўцы рэфінансавання. Пакуль яна застаецца на ўзроўні 7,75%.
У сваім паведамленні рэгулятар спасылаецца на тое, што яму трэба больш часу для "дадатковага аналізу прагнознай дынамікі спажывецкіх цэн і ацэнкі працягласці ўздзеяння ключавых фактараў, якія прывялі да паскарэння росту спажывецкіх цэн". Нацбанк вернецца да пытання пра змену або захаванне стаўкі рэфінансавання 12 сакавіка.
Фінансавая стабільнасць ці эканамічная актыўнасць?
На думку навуковага супрацоўніка BEROC эканаміста Дзмітрыя Крука, такое рашэнне — вынік вялікіх супярэчнасцяў, якія назапасіліся за апошнія гады. Такога, каб рашэнне па стаўцы адкладалася раней, эканаміст не ўспомніў.
— З аднаго боку, ёсць меркаванні цэнавай і фінансавай стабільнасці для таго, каб запаволіць інфляцыю, якая паскорылася ў апошнія месяцы. Таксама, каб прадухіліць ці прынамсі аслабіць пагрозу захавання адтоку дэпазітаў, лагічна гаварыць пра павышэнне стаўкі рэфінансавання.
З другога боку, паніжэнне стаўкі рэфінансавання затармозіць эканамічную актыўнасць.
— Дагэтуль эканоміка не выйшла з фазы цыклічнага спаду. Звычайна ў гэтай фазе цэнтральныя банкі арыентаваны на стымуляванне эканомікі. Гэта значыць, на падтрыманне адносна нізкіх ставак. Яшчэ адно меркаванне таксама звязана з фінансавай стабільнасцю, але з іншага яе фокуса — з пазіцыі прадпрыемстваў. Не сакрэт, што многія назапасілі велізарны ўзровень даўгоў. Для іх павышэнне ставак — дадатковы фактар дэстабілізацыі фінансавага становішча.
Такія супярэчнасці не зусім натуральныя, падкрэслівае эксперт.
Апынуліся ў тупіку, гадамі закрываючы вочы на праблемы
— Эканамічныя ўлады і Нацбанк у прыватнасці самі загналі сябе ў гэтыя супярэчнасці за чатыры-пяць гадоў, закрываючы вочы на даўгі, якія разрастаюцца, хранічна нізкую плацежаздольнасць сектара дзяржпрадпрыемстваў, высокую даларызацыю фінансавых кантрактаў, у тым ліку дэпазітаў.
Цяпер добрых рашэнняў у дачыненні да стаўкі рэфінансавання проста няма. Сам эканаміст схіляўся да таго, што яе пакінуць нязменнай.
— У гэтай сітуацыі здаецца, што сума рознанакіраваных вектараў — нуль. Але, магчыма, Нацбанк спрабуе пераацаніць, якія з меркаванняў усё-ткі больш актуальныя. І, як вынік, вырашыў адкласці рашэнне. Галоўнае ў сухім астатку — гэта само па сабе сведчанне сур'ёзных супярэчнасцяў, назапашаных на фінансавым рынку і ў эканоміцы ў цэлым, — падкрэслівае Дзмітрый Крук.
Суразмоўнік дапускае, што рашэнне не прынятае яшчэ і таму, што кожная з пазіцый прадстаўлена рознымі лобі. З аднаго боку тыя, хто прасоўвае інтарэсы банкаў, а з другога — дзяржпрадпрыемстваў.
— Каб банкам лепш адчуваць сябе, каб стабілізаваць дэпазіты, лагічней арыентавацца на грашовы рынак, які дыктуе цяпер павышэнне стаўкі.
Тут напэўна контрбокам будуць выступаць дзяржпрадпрыемствы. У іх таксама вельмі моцнае лобі. Яны будуць заяўляць, што гэта наогул ніяк не прымальна. Такая тэарэтычная супярэчнасць цалкам магла перарасці ў адміністрацыйнае супрацьстаянне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.