"Закон працуе толькі для мянтоў і чыноўнікаў": інтэрв'ю з фермерам-бунтаром
"СІЗА КДБ — гэта адзінае месца, дзе Лукашэнка сустракаецца з апазіцыянерамі" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Фермера, які хацеў стаць прэзідэнтам Беларусі, дзяржТБ памылкова "пакарала" 15 гадамі пазбаўлення волі за збыт наркотыкаў. Няўдала змантаваны відэасюжэт, у якім Юрый Ганцэвіч сядзіць за кратамі, суправаджаецца словамі вядоўцы пра прысуд нарказакладчыку.
У інтэрв'ю Еўрарадыё мужчына расказвае, што на кадрах відэа яго судзяць за крадзеж і што такія рэпартажы — гэта ўдар па яго рэпутацыі. Акрамя таго, Юрый паведаў нам, што хоча стварыць партыю "ЛДПБ Каза Машка", і падзяліўся думкамі наконт Ціханоўскага, Лукашэнкі і Гайдукевіча.
"Закон працуе толькі для мянтоў і чыноўнікаў"
Юрый Ганцэвіч — фермер з аграгарадка Пакалюбічы Гомельскага раёна. У 2020 годзе мужчына праславіўся тым, што зняўся ў блогу Сяргея Ціханоўскага, а пазней хацеў стаць прэзідэнтам Беларусі, але патрэбную колькасць подпісаў для вылучэння не набраў.
— Абылгалі мяне. Напісаў на ўсіх заявы, у тым ліку і на гомельскае тэлебачанне, — расказвае Еўрарадыё Юрый Ганцэвіч пра сітуацыю з відэасюжэтам. — Цяпер я збіраю ўсе адмовы ў завядзенні крымінальнай справы і буду рабіць рэпартаж пра тое, што закон працуе толькі для мянтоў і чыноўнікаў, але ніяк не для простых людзей, якіх можна абразіць і сапсаваць рэпутацыю, абылгаць.
Хутчэй за ўсё, гэта спецаперацыя, у якой яны [дзяржструктуры] ведалі, што апазіцыйныя СМІ ўсё падхопяць і перавернуць. Рэч у тым, што я цяпер спрабую зарэгістраваць партыю "ЛДПБ Каза Машка". Вось яны [дзяржструктуры] мне і падлілі алею ў маю рэпутацыю.
"ЛДПБ Каза Машка"
Еўрарадыё: Што гэта за партыя такая?
Юрый Ганцэвіч: Незадоўга [да таго, як выйшаў памылковы сюжэт дзяржТБ] я паінфармаваў у стрыме тыкток, што ўжо ёсць каля 100 чалавек з розных абласцей рэспублікі, якія просяць мяне, як палітыка, працягнуць справу Уладзіміра Жырыноўскага. Дапамагаць бедным людзям і асвятляць праблемы маламаёмных. Я паабяцаў паспрабаваць зарэгістраваць палітычную партыю на падставе закона і Канстытуцыі РБ.
Еўрарадыё: У Беларусі ўжо ёсць партыя ЛДПР пад кіраўніцтвам Алега Гайдукевіча. Можа, вашай "ЛДБП Казе Машцы" з імі аб'яднацца?
Юрый Ганцэвіч: Я думаю, што мы не можам аб'яднацца з Гайдукевічам з той прычыны, што іх партыя ідзе ў адну нагу з уладай.
Я адкрыты чалавек, у мяне ўсе сацсеткі адкрытыя, і я адказваю ўсім людзям, хто б ні звярнуўся. Да Гайдукевіча я сам стукаўся ва ўсіх крыніцах, і мне нідзе не адказалі. Дык навошта такая партыя, якая сабрала хеўру вакол сябе і самі на сваёй хвалі ўжо 20 гадоў?
Гайдукевіч ніколі ў жыцці не пакажа дохлую карову, якую рвуць сабакі на тэрыторыі фермы, ніколі не падыме пытанне, як жыве чалавек на зямлі, што такое займацца сельскай гаспадаркай і гэтак далей. Толькі з адной прычыны, што ён і яго асяроддзе ніколі не трымалі вілы і рыдлёўку ў руках, аднак усё жыццё ў палітыцы.
І Лукашэнка не добры, і чыноўнікі так сабе
Юрый Ганцэвіч: Я стараюся ўсё рабіць па законе, я не зрынаю ўладу. Я проста хачу, каб чыноўнікі чулі народ, міліцыя абараняла народ, суды былі справядлівыя.
Еўрарадыё: Атрымліваецца, што цяпер чыноўнікі не чуюць народ, міліцыя яго не абараняе, а суды несправядлівыя?
Юрый Ганцэвіч: Пра суды і міліцыю менавіта так. Мая здагадка — хоць я ведаю, што вы гэта не надрукуеце, — што такім чынам рукамі народа менавіта чыноўнікі і помсцяць Лукашэнку. Яны не могуць самі па законе вырашыць праблему народа. Я хоць і апазіцыянер, але ў пэўным сэнсе згаджаюся з прэзідэнтам РБ, 50 на 50.
Еўрарадыё: Па вашых словах, Лукашэнка добры, а чыноўнікі, міліцыя і суды ў Беларусі дрэнныя?
Юрый Ганцэвіч: Я не магу казаць, што Лукашэнка добры. Тое, што ён стварыў вертыкаль і не можа ёй кіраваць (паколькі яны яго падманваюць статыстыкай), — гэта ўжо дрэнна.
Прэзідэнт павінен быць бліжэй з народам і ведаць праблемы ад народа. Калі б прэзідэнт быў добры, то навошта тады я б ішоў у апазіцыю? Бо я ішоў кандыдатам у парламент не для таго, каб ківаць там галавой, а з прычыны таго, каб у перыяд пікетавання народ мог выказаць свае праблемы.
"Пра Ціханоўскага ўжо забыліся ўсе"
Еўрарадыё: Вы чакаеце вяртання Сяргея Ціханоўскага?
Юрый Ганцэвіч: Сяргей Ціханоўскі для мяне застаўся сябрам. Проста, калі ён звязаўся з апазіцыяй, я яму адразу сказаў: "Ты бульдозер і пракапаў траншэю. Цябе выкарыстаюць як гарматнае мяса, і ты сядзеш у турму. Ты "злавіў зорку", і ты не бачыш ужо закона, але ён ёсць". Пра Ціханаўскага ўжо забыліся ўсе. Хіба што мая каза Машка нагадвае людзям пра яго, бо яна была з ім асабіста знаёмая.
Я нават больш чым упэўнены, што ўсіх апазыцыянераў пасадзілі ў турму, а мяне пакінулі толькі з адной прычыны — каб я асабіста ў СІЗА КДБ не сустрэўся з Лукашэнкам. Бо гэта адзінае месца, дзе прэзідэнт сустракаецца з апазіцыянерамі. І вось там я б расказаў яму ўсю праўду, як рукамі народа ўлада і чыноўнікі помсцяць яму і псуюць яго рэпутацыю. Я ўпэўнены, што прэзідэнт мне паверыць, бо ў мяне ёсць доказы, што я не дармаед і сутыкаюся з праблемамі, якія не даюць мне развівацца.
"Ізастужку і вугалок мне нехта закінуў у кішэню"
У 2020 годзе Юрыя Ганцэвіча пакаралі штрафам за нібыта крадзеж з крамы будматэрыялаў. Відэа з сюжэта дзяржТБ, дзе Ганцэвіч за кратамі, зроблена ў часе судовага працэсу.
Еўрарадыё: Вы хацелі стаць прэзідэнтам, цяпер партыю ствараеце. Як думаеце, народ паверыць чалавеку, які краў будматэрыялы?
Юрый Ганцэвіч: Доказаў няма ні на адной камеры, што я гэта ўкраў. Я зайшоў у краму, купіў рэчы. Потым выйшаў, зайшоў і купіў зноў. Ёсць чэкі, магу і вам паказаць. А ізастужку і вугалок мне нехта закінуў у кішэню, калі я адарваўся. Віну прызнаў па эпізодзе, каб не сядзець, бо жывёл не было каму глядзець. Мне яны даражэйшыя, чым адміністрацыйка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.