Замест Дар’і Домрачавай на 3-м этапе Кубка свету выступіць Дынара Алімбекава
Замест Дар’і Домрачавай на 3-м этапе Кубка свету выступіць 21-гадовая Дынара Алімбекава. У аўторак быў апублікаваны склад беларускай зборнай па біятлоне, які выступіць 14-17 снежня ў французскім Ансі. Як вядома, пасля 2-га этапа Кубка свету ў аўстрыйскім Хохфільцане Домрачава заявіла, што наступны этап прапусціць. “На гэты час у мяне запланаваны трэніровачны збор”, — сказала біятланістка. У Аўстрыі яна выступіла паспяхова: першае месца ў спрынце і трэцяе ў гонцы пераследу.
Як інфармуе biathlon_online, у склад жаночай зборнай Беларусі, акрамя Дынары Алімбекавай, трапілі Надзея Скардзіна, Надзея Пісарава і Ірына Крыўко. Яны паўдзельнічаюць у спрынце, гонцы пераследу і ў масавым старце (ён будзе першым у бягучым сезоне).
Што да мужчынскай зборнай Беларусі, дык у яе склад увайшлі Раман Ялётнаў, Антон Смольскі і Дзмітрый Абашаў. Іх трое, хаця беларусы маглі заявіць чатырох спартсменаў. У Аўстрыі мужчынская зборная выступіла проста катастрафічна. З яе складу ў Францыю паедзе толькі Ялётнаў.