Замест сустрэчы з рэктарам студэнты збіраюцца ў суд
30 снежня незадаволеныя студэнты БДУ збіраліся сустрэцца з рэктарам Сяргеем Абламейкам, бо ў гэты дзень ён прымае грамадзянаў па асабістых пытаннях. Сустрэча мусіла быць непублічнай.
Але сустрэчу адмянілі самі студэнты, бо на гэты ж час запланаваны суд над удзельнікам Маршу студэнтаў Глебам Вайкулем. Менавіта ён і запісваўся на сустрэчу з рэктарам, таму яна не можа адбыцца.
"Арганізацыяй гэтай сустрэчы займаўся непасрэдна Глеб Вайкуль, ён меў зносіны з адміністрацыяй рэктарата. І што вы думаеце? У дзень сустрэчы з рэктарам яго выклікаюць у суд. Мы ў каторы раз пераконваемся, што размаўляць са студэнтамі рэктар не жадае", — паведамляюць студэнты на сваёй старонцы ў сацсетках.
Студэнцкі пратэст пачаўся з незадаволенасці платнымі пераздачамі залікаў і іспытаў. 2 снежня студэнты правялі несанкцыянаваны ўладамі марш з патрабаваннем рэальнага самакіравання і ўдзелу ў прыняцці рашэнняў. Вулічная акцыя сабрала некалькі дзясяткаў студэнтаў.
Фота: Еўрарадыё