Замураваныя мошчы святых знайшлі ў мядзельскім касцёле
У мядзельскім касцёле Маці Божай Шкаплернай знайшлі замураваныя мошчы святых і старыя парафіяльныя запісы, паведамляе польскі сайт fakty.interia.pl.
Яны былі там схаваныя ў 1940 годзе, каб зберагчы ад знішчэння з прыходам Савецкай улады. У часы СССР у касцёле быў склад штучных угнаенняў. Сёння касцёл вярнулі вернікам.
Ксёндз Юрый Кулай распавёў, што звесткі пра схаваную скрынку знайшліся ў адным з кракаўскіх архіваў. У нішы ў сцяне ляжалі кнігі з ХІХ стагоддзя — гэта былі парафіяльныя рэгістры хростаў, шлюбаў і памерлых фундатараў.
Акрамя таго, у нішы былі касцёльныя рэліквіі. Гэта мошчы святой Цэцыліі, якая жыла ў ІІ стагоддзі. Таксама там захоўваліся рэліквіі святой Тэрэсы. Пры іх былі дакументы, якія пацвярджаюць сапраўднасць усіх рэліквіяў. Па словах Юрыя Кулая, гэта адны з самых старажытных рэліквій у Беларусі.