Заробак настаўнікам: абяцалі падвысіць на 25%, а паднялі на 3%?

“Павышэнне тарыфных ставак на 25% асобным катэгорыям педагогаў дазволіла павысіць сярэдні заробак на 3%”, — падлічвае на прэс-канферэнцыі міністр адукацыі Сяргей Маскевіч.

І дадае, што гадзіна працы ў настаўніка не патаннела, а павялічылася. Але куды падзеліся абяцаныя 25% прыбытку да заробку?

“На 25% павялічвалася тарыфная стаўка і таксама ж павялічвалася тарыфная стаўка з 18 да 20 гадзінаў на тыдзень. Адно іншае перакрыла і атрымалася павышэнне ў 3% толькі”, —  прыкідваюць ва Упраўленні адукацыі, спорта і турызма Фрунзенскага раёна Мінска.

І называюць сярэдні заробак настаўніка з пяцігадовым стажам у 3,2 мільёна рублёў.

Выходзіць: працуеш больш, а атрымліваеш амаль столькі ж. Бо цяпер настаўнік працуе 20 гадзінаў на тыдзень замест ранейшых 18, каб мець заробак на стаўку.

“Улетку разлічвалі, што з павелічэннем нагрузкі заробак павялічыцца на 11%. Але цяпер, відаць, асаблівага павелічэння не будзе”, — адказваюць Еўрарадыё ў адміністрацыі сталічнай школы. Тут таксама слухалі выступ міністра адукацыі і… расчараваліся.

Але самі настаўнікі пакуль не бачылі заробку за верасень, таму і не могуць адказаць, наколькі “разбагацелі”.

“Я атрымала толькі аванс, 1,5 мільёна. А колькі там будзе рэшта — пакуль не разумею, які ў мяне заробак”, -  расказвае Еўрарадыё Святлана Віктараўна, настаўніца з Касцюковічаў.

Заробак павялічыцца больш, супакойваюць у Міністэрстве адукацыі. А 3% — гэта агулам па ўсёй галіне адукацыі без статыстыкі за верасень.

“Калі настаўнік стаў весці замест 18 гадзінаў 20 гадзінаў на тыдзень, то заробак павялічыўся на больш. Кошт адной гадзіне не ўпаў, а, наадварот, павялічыўся. Таму заробак у такога настаўніка падымецца ў цэлым на 10-12%. Трэба глядзець па статыстыцы за верасень”, — даводзяць Еўрарадыё ў міністэрстве.

А цяпер глядзім, наколькі ж рэальна павялічыўся заробак. Сярэдні заробак у настаўнікаў са студзеня па травень — 3 мільёны 869 тысяч, паведамляе Белстат. А ў жніўні настаўнікі атрымліваюць у сярэднім на 70 тысяч менш, што у адміністрацыі школ звязваюць з адпачынкамі.

Фота: vbratske.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі