Заробкі на высокарэнтабельных прадпрыемствах — ад 3 мільёнаў рублёў
Такія прадпрыемствы павінны выплаціць у бюджэт з прыбытку болей за 460 мільярдаў рублёў.
У краіне 61 высокарэнтабельнае прадпрыемства. Гэта стала вядома, калі Саўмін у пастанове абавязаў кожнае пералічыць частку прыбытку ў бюджэт. На “Мінскім заводзе ігрыстых він” па інтанацыі чуваць, што прыналежнасць да высокарэнтабельных прадпрыемстваў асабліва нікога не радуе. Яно і зразумела — болей за мільярд вінныя!
На сайце завода знаходзім вакансіі: мінімальны заробак прыбіральшчыцы — ад 2,6 мільёна. Максімальны прапаноўваюць агентам па продажы — ад 9 мільёнаў рублёў.
“Сярэдні заробак, да прыкладу апрацоўшчыка вінаматэрыялаў і віна, — 4,8 мільёна, аператар лініі — 4,3 мільёна. Але гэта з усімі налічэннямі, бруднымі. Мяркуйце самі, але я не скажу, што ў нас высокія заробкі, але і не вельмі нізкія! Цякучка невялікая”, — кажуць Еўрарадыё на прадпрыемстве. Але адзначаюць, што нават на заробак ў 5,9 мільёна для сантэхнікаў (не самы маленькі заробак. — заўв. Еўрарадыё) не могуць знайсці спецыяліста.
На “Мазырсолі” можна разлічваць ад 3 да 9 мільёнаў, такі заробак атрымліваюць вельмі класныя спецыялісты. У аддзеле кадраў пытаюся, ці задаволеныя заробкам.
“На самае неабходнае хапае. А так… ”, — гэтае прадпрыемства вінна дзяржаве 629 мільёнаў з прыбытку.
На тытунёвай фабрыцы “Нёман” прыводзяць сярэднія заробкі па прадпрыемстве — 7,2 мільёна. Пытаюся, ці патрэбны ім дзяўчаты.
Аказваецца, пакуль толькі недахоп кіяскёраў у фірмовыя кіёскі.
“Заробкі ў іх прыкладна 4 мільёны, без вылічэння падатку”, — кажуць на прадпрыемстве.
РУП “Гомельская абласная сельскагаспадарчая вопытная станцыя” (павінны 682 мільёны з прыбытку) пра тое, што яны высокарэнтабельныя, даведваюцца ад… Еўрарадыё. Пытаемся, ці ўсё добра на станцыі. Быццам бы ўсё окей, толькі з кадрамі недакамплект.
“Патрэбныя навуковыя супрацоўнікі, і пажадана з навуковымі ступенямі. Заробак быццам бы задавальняе — як для Доўска (вёска ў Рагачоўскім раёне, дзе знаходзіцца станцыя. — заўв. Еўрарадыё)”, — кажуць у аддзеле кадраў. Будучым спецыялістам тут прапануюць жыллё — будуе само прадпрыемства, ёсць сем свабодных кватэр. А што з заробкамі?
“Ну, вось старшаму навуковаму супрацоўніку прапаноўваем каля 2 мільёнаў акладу, плюс 30% прэмія, плюс — дзве тарыфныя стаўкі надбавак за кандыдатскую. У суме атрымае каля 4-5 мільёнаў!” — небагата для высокарэнтабельнага! Усе разам высокарэнтабельныя павінны выплаціць дзяржаве болей за 460 мільярдаў рублёў даходу.