Заснавальніка Symbal.bу Паўла Белавуса пачнуць судзіць 20 лютага
Павел Белавус / З архіву Еўрарадыё
Заснавальніка Symbal.bу Паўла Белавуса пачнуць судзіць 20 лютага ў Мінскім гарадскім судзе (суддзя — Жанна Брысіна), паведамляе @prisoners_spring96.
Белавус знаходзіцца за кратамі з 15 лістапада 2021 года. Спрачатку яго затрымалі па адміністрацыйнай справе, але пазней зрабілі падазраваным па крымінальнай.
Паўла Белавуса абвінавачваюць у "здрадзе дзяржаве", "актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак", "закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь" і "кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем". Ён прызнаны праваабаронцамі палітвязнем.
Следчы камітэт РБ сцвярджаў, што "пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён [Белавус] распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх з'яўлялася змена дзяржаўнай улады ў Беларусі".
Краму symbal.by улады зачынілі ўлетку 2020-га з палітычных прычынаў. У ёй прадаваліся вопратка і сувеніры з нацыянальнай сімволікай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.