“Затрымалі незаконна і выпусцілі незаконна”, ці як замест 10 сутак адсядзець 4

“Затрымалі незаконна і выпусцілі незаконна”, ці як замест 10 сутак адсядзець 4

Увечары 25 сакавіка адбылася падзея, якую можна назваць “Цудам на Дзень Волі”. Цягам пары гадзін улады выпусцілі з-за кратаў амаль усіх апазіцыянераў, затрыманых напярэдадні. Нехта, як Уладзімір Някляеў, правёў у ізаляцыі чатыры дні. Нехта, як Мікалай Статкевіч, адсядзеў толькі дзесяць гадзін.

“Затрымалі незаконна і выпусцілі незаконна”, ці як замест 10 сутак адсядзець 4

“Ніхто нічога не тлумачыў. Я зразумеў, што мяне вызваляюць, толькі калі, праходзячы праз “стакан”, пабачыў за дзвярыма ізалятара Вячаслава Сіўчыка. Да таго, ідучы па лесвіцы і распісваючыся за рэчы, я думаў, што мяне чакае перавод у суседні будынак ці ў ізалятар у Жодзіна, — распавядае Еўрарадыё Максім Вінярскі. — Калі б я ведаў, што мяне вызваляюць, я б патрабаваў даведку аб адбыцці адміністрацыйнага арышту. Там ёсць пункт “нагода вызвалення”. Звычайна там напісана пра заканчэнне тэрміну арышту. Гэтым разам там, натуральна, мусіла б быць напісана нешта іншае.

Але, шчыра кажучы, я думаю, што юрыдычных падстаў для майго вызвалення папросту няма. Як затрымоўвалі мяне ў парушэнне канстытуцыйных правоў, як судзілі — так жа беззаконна, па нейкім невядомым нам загадзе, шчаўчку пальцамі, мяне і выпусцілі”.

Разам з іншымі затрыманымі напярэдадні Дня Волі і выпушчанымі пасля заканчэння святочнага канцэрта, Максім Вінярскі збіраецца рабіць запыты пра прычыны свайго вызвалення і свой прававы статус.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч кажа, што ацэньваць гэтую сітуацыю з прававога пункта гледжання вельмі цяжка:

“Я, безумоўна, вельмі рады, што іх вызвалілі. Але што тут кепскага: пастановы судоў, якія вынеслі адміністрацыйныя арышты, не адмененыя. Пракурор не выносіў пратэстаў, суд вышэйшай інстанцыі нічога не адмяняў. Гэта азначае, што людзі ўсё роўна знаходзяцца пад пагрозай зняволення. Але не ведаюць, калі гэта адбудзецца”.

“Затрымалі незаконна і выпусцілі незаконна”, ці як замест 10 сутак адсядзець 4
Валянцін Стэфановіч

Цікавая акалічнасць: проста так адмяніць накладзенае судом адміністрацыйнае пакаранне немагчыма. Фармальна ніхто не мае права зрабіць гэта: ні міністр унутраных спраў, ні Аляксандр Лукашэнка, бо ўмешвацца ў працу суддзяў забаронена, згодна з Канстытуцыяй.

Адзін з юрыстаў, да якіх Еўрарадыё звярнулася па каментарый, адказаў проста: гэта не юрыдычнае пытанне. Іншы заўважыў, што пераглядаць рашэнне суда можа толькі суд:

“Проста ўзялі і вызвалілі — так быць не можа, мусяць быць падставы. Можна папрасіць аб адтэрміноўцы выканання. Але гэта, фактычна, трэба абскарджваць рашэнне суда. А калі рашэнне суда ўжо выконвалася, то ў сувязі з чым вызвалілі? Нейкае іншае рашэнне мусіць быць прынятае, пастанова суда, каб вызваліць асобу”.

Юрыст дадае, што ў яго практыцы не было ніводнага выпадку, калі адміністрацыйнае пакаранне драбілася на часткі. Такой магчымасці заканадаўства ўвогуле не прадугледжвае.

“Так не бывае, каб захацелася — і ўсё, вызвалілі. Такога быць не можа. Ёсць рашэнне суда, якое мусіць выконвацца. Калі яно не выконваецца, значыць, яно мусіць быць нейкім чынам змененае. А змяніць яго можа ці той орган, які выносіў рашэнне, ці вышэйшы орган”.

“Затрымалі незаконна і выпусцілі незаконна”, ці як замест 10 сутак адсядзець 4
Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч у 2016 годзе. Фота: Еўрарадыё

Інакш кажучы, Уладзімір Някляеў не можа як бы застацца вінны сістэме правасуддзя 6 сутак арышту, бо ўвечары 25 сакавіка нехта загадаў выпусціць яго датэрмінова. Для таго, каб палітык быў вызвалены, пастанова суда, які пакараў яго, мусіла быць перагледжаная. І тэрмін зняволення мусіў быць ці скарочаны з 10 да 4 сутак, ці заменены штрафам. Ці ўвогуле адменены.

Але гэта ў ідэальным свеце, дзе законнасць з’яўляецца непарушнай каштоўнасцю. А ў сённяшняй Беларусі Уладзімір Някляеў папросту не ведае, “папросяць” яго перад наступнай акцыяй “дасядзець” 6 сутак, якія засталіся, ці не. Працягвае праваабаронца Валянцін Стэфановіч:

“У нас даўно ўжо пачалі прымяняць практыку асуджэння на суткі “на перспектыву”. Суд выносіць пастанову, а людзей не затрымліваюць, хаця ў кодэксе мы чытаем, што пастанова суда аб адміністрацыйным арышце выконваецца неадкладна пасля вынясення. А тут чалавека вызваляюць са словамі: “Ну, пасядзіш калі-небудзь пасля”, і ён застаецца ў стане няпэўнасці, на кручку”.

“Затрымалі незаконна і выпусцілі незаконна”, ці як замест 10 сутак адсядзець 4
Затрыманыя назіральніцы Таццяна Мастыкіна і Наста Лойка ў аўтазаку. Фота: spring96.org

Але справа ў тым, што і ў практыцы праваабаронцаў такіх выпадкаў, каб адміністрацыйнае пакаранне дзялілася на часткі, не было. Назіральніца БХК Наста Лойка, якую, дарэчы, перад шэсцем 25 сакавіка таксама затрымалі, прыгадвае толькі адзін выпадак затрымання і вызвалення, які, тэарэтычна, можа працягнуцца наступным затрыманнем:

“Год таму сярод прэвентыўна затрыманых перад 25 сакавіка была грамадзянка Польшчы. На яе склалі пратакол за брудную лаянку ў грамадскім месцы. Ёй далі 15 сутак, але ўмяшалася польская амбасада. У выніку, праз трое сутак яе вызвалілі з ізалятара, прывезлі на мяжу, паставілі штамп аб забароне на ўезд цягам пяці гадоў. Па факце, яна не дасядзела 12 сутак. Невядома, што з ёй будзе, калі яна ўсё ж уедзе на тэрыторыю Беларусі. Бо адміністрацыйны арышт вісіць пажыццёва”.

У грамадзянкі суседняй краіны ёсць выбар: заставацца ў Польшчы ці прыехаць у Беларусь і праверыць, затрымаюць яе або не. Уладзіміру Някляеву, каб не праверыць тое самае, давядзецца бязвылазна сядзець дома. І гэта якраз той выпадак, калі да месца класічныя радкі Іосіфа Бродскага: “Не выходзь з пакою, не рабі памылку”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі