Затрыманага байца "Азова" вінавацяць у злосным хуліганстве
Затрыманага ў Віцебску байца палка "Азоў" Станіслава Ганчарова вінавацяць у злосным хуліганстве. Як паведамлялася раней у СМІ, 20-гадовага беларуса, які ваяваў ва Украіне, затрымалі ў Віцебску 15 красавіка.
Паведамлялася, што аднапалчане папярэджвалі хлопца, каб не ехаў у Беларусь, бо яго могуць арыштаваць. Аднак ён рызыкнуў вярнуцца.
СМІ: У Мінску затрыманы баец украінскага палка "Азоў"
Следчы камітэт на сваім сайце апублікаваў тлумачэнне, што ў лістападзе 2013 года затрыманы ўчыніў злоснае хуліганства супраць непаўналетніх. Як вынікае з відэа, прадастаўленага Следчым камітэтам, у Оршы хлопец прымушаў падлеткаў адрачыся ад антыфашысцкага руху і "кінуць зігу".
Пасля гэтага віцяблянін, які атрымаў мянушку "Тэрор-Машына", паехаў ва Украіну і ваяваў у батальёне "Азоў". Паведамляецца, што ў яго знайшлі медалі "За мужнасць" і "За доблесную службу".