Знайшлі мінчука, які з нажом напаў на дзяўчынку
1 лютага мінская міліцыя затрымала мужчыну, якога падазраюць у нападзе з нажом на дзяўчынку. Здарэнне адбылося ўдзень у чацвер у пад'ездзе жылога дома па вуліцы Судмаліса. Зламыснік зайшоў у пад'езд з малалетняй школьніцай, пагражаў ёй нажом і хацеў, каб яна пайшла з ім. Дзяўчынка стала клiкаць на дапамогу і ўкусіла нападніка за палец. Ён спалохаўся і ўцёк.
Як інфармуе прэс-служба сталічнай міліцыі, мужчыне 31 год. Раней ён прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за аналагічнае злачынства. Затрымалі яго па месцы жыхарства. Крымінальная справа распачатая па артыкуле "Хуліганства".