Затрыманы ў Івацэвічах расійскі вайсковец вярнуўся ў сваю часць — СМІ

Затрыманы Аляксандр Быкаў — першы злева / "Ганцавіцкі час"
Затрыманы Аляксандр Быкаў — першы злева / "Ганцавіцкі час"

Расійскага вайскоўца-кантрактніка Аляксандра Быкава, затрыманага ў Івацэвічах 17 чэрвеня, аштрафавалі і адпусцілі, піша сайт "Зеркало".

У раскладзе пасяджэнняў Івацэвіцкага суда прозвішча Быкава не з'яўлялася. Журналістка выдання затэлефанавала ў канцылярыю суда, назваўшыся сваячкай Быкава. Там ёй сказалі, што матэрыялы на такога чалавека ў суд не паступалі.

У мясцовым РАУС заявілі, што Аляксандр Быкаў ужо знаходзіцца ў вайсковай часці.

"Прыехалі яго камандзіры, забралі і адвезлі ў вайсковую часць. Усё нармальна, жывы-здаровы. Можаце жонцы яго патэлефанаваць, яна з'ехала дадому", — паведамілі міліцыянты. Яны дадалі, што судзіць Быкава не будуць: яму выпісалі штраф, які аплаціла жонка.

Як распавядала Еўрарадыё, 17 чэрвеня ў Івацэвічах затрымалі двух мужчын на аўтамабілі з расійскімі нумарамі і Z-сімволікай. Нагодай для затрымання стала п'янае кіраванне аўтамабілем.

Выявілася, што адзін з іх — 41-гадовы расійскі кантрактнік Аляксандр Быкаў. Ён служыць у 283-м мотастралковым палку 144-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі 20-й гвардзейскай агульнавайсковай арміі. Верагодна, яго часць размяшчаецца недалёка ад Івацэвічаў, на Абуз-Лясноўскім палігоне.

Дарэчы, рэдактара сайта "Ганцавіцкі час" Паўла Дайліда, які першым апублікаваў навіну пра затрыманне, сёння выклікалі ў міліцыю — "на размову". Дайлід адмовіўся ехаць, бо не быў ні падазраваным, ні сведкам па справе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі